Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як і ягоныя сыны, а таксама іншыя топ-чыноўнікі, не начапілі на свае пінжакі стужку «яблыневы цвет». Гэты беларускі аналаг георгіеўскай стужкі некалькі гадоў таму быў прапанаваны БРСМ і атрымаў падтрымку сярод кіраўніцтва краіны.
Лукашэнка быў не з «яблыневым цветам». Фота Надзеі Бужан.
Яблыневы цвет дамінаваў сярод тых людзей, якія знаходзіліся ў натоўпе на плошчы Перамогі. Некаторыя скарысталіся георгіеўскай стужкай, асабліва тыя, хто ішоў на акцыю «Несмяротны полк».
Аляксандр Лукашэнка выйшаў да людзей з чырвона-зялёнай стужкай, якая была замацаваная імітацыяй нейкага ордэна. Хутчэй за ўсё, гэта «Перамога» — адзін з самых ганаровых ордэнаў, якія ўручаліся ў СССР. Атрымлівалі ордэн «Перамога» толькі асобы вышэйшага каманднага складу Чырвонай Арміі.
Так выглядаў ордэн «Перамога».
Двойчы ордэн «Перамога» атрымаў Іосіф Сталін, мелі яго маршалы Жукаў, Ракасоўскі, Васілеўскі, генералы Конеў, Маліноўскі, Талбухін і іншыя. Агулам за час вайны «Перамогу» атрымалі 10 чалавек.
Ужо ў мірны час «Перамогу» ўручылі генералу Дуайту Эйзенхаўэру, фельдмаршалу Бернарду Мантгомеры, каралю Румыніі Міхаю, маршалу Польшчы Міхалу Раля-Жымерскаму і кіраўніку Югаславіі Іосіфу Броз Ціта.
У 1978 годзе ордэнам «Перамога» быў узнагароджаны тагачасны кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў. Праўда, у 1989 годзе загад пра яго ўганараванне быў адменены. Агулам ордэн «Перамога» мелі 16 чалавек.





