Расійскі пісьменнік Віктар Ерафееў пабываў у Мінску на фестывалі «Прадмова» і пасля гэтага напісаў артыкул пра Беларусь для «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг». Прапануем вам яго са скаротамі ў беларускім перакладзе з ласкавай згоды аўтара.

«Захоп Крыма і вайна на Данбасе прынеслі Расеі плён адчужэння з боку самых блізкіх суседзяў і саюзнікаў, пра што яна наўрад ці падазравала з самога пачатку. Суседзі спалохаліся, але не скарыліся. Наадварот. Пуцін спрыяў самаідэнтыфікацыі перш за ўсё ўкраінскай нацыі, якая да Крыма збольшага знаходзілася ў аморфным стане. Яму варта было б цяпер у Кіеве паставіць мармуровы помнік, каб не дзесяць з лішкам тысяч ахвяр, якія загінулі на вайне ў Данбасе, і вялікая колькасць бежанцаў.

У Беларусі таксама адбыліся заўважныя змены палітычнага клімату. Беларусь прачнулася. Гэта галоўная навіна пра сённяшнюю Беларусь, — піша Ерафееў. — Да нядаўняга часу яна спала цяжкім сном дыктатуры. Калі пераварочвалася ў сне, то ціснула апазіцыю, свядома і падсвядома, як цела пад час сну змагаецца з усім, што замінае яму спаць.

Тое, што Беларусь прачнулася, не значыць, што яна скінула дыктатуру. Але выглядае на тое, што дыктатура трохі перайначылася. Яна злёгку афарбавалася ў нацыянальныя колеры, зрабіла мяккую беларусіфікацыю.

Зрабіла яна гэта не праз добрае жыццё. Лукашэнкаўская дыктатура здагадалася, што ў яе адбяруць уладу. А разам з уладай выкрадуць і ўсю краіну. І зробіць гэта не хто іншы, як яе найлепшы сябар, усходні сусед, Расея.

Так што я прыехаў на літаратурны фестываль у Мінск невыпадкова. На Кастрычніцкай вуліцы, у памяшканні былога завода, ладзяцца гістарычныя дыскусіі, чытаюць вершы, абмяркоўваюць прозу. Я быў на міжнародным дыспуце «Літаратура і ўлада» — гэта заўсёды ў нашых краях гарачая тэма.

Інтэлектуальны Мінск спачувае палітычнай апазіцыі. Можна нават сказаць, што ўплыў беларускай апазіцыі адбіваецца на шырокіх колах грамадства, чаго не скажаш пра Расею. У Расеі шмат незадаволеных, у асноўным праз беднасць і засілле чыноўнікаў, але вектар пратэсту да канца не вызначаны, пратэстуючых кідае то ўлева, то ўправа. Мяркуючы па палітычнай адкрытасці «Прадмовы», маладая інтэлігенцыя Мінска цешыцца новай ступенню свабоды, самой магчымасцю дыскусіі.

Небяспека з боку Расеі мае шматвектарны характар, але ў гістарычным вымярэнні пабудавана на рускім комплексе перавагі над Беларуссю. Існуе нейкі ўстойлівы вобраз беларуса-селяніна, ледзь не калгасніка, які, пакусваючы вус, садзіць капусту і капае бульбу. Ну, і адпаведна лідар у яго — былы старшыня калгаса Аляксандр Лукашэнка. Негатыўны нацыянальны вобраз беларуса збольшага спрыяе таму, што ён, як малодшы брат рускага, толькі выйграе, калі яго возьме да сябе вялікая Расея. Яна і так знаходзіцца з ім у адносінах «Саюзнай дзяржавы», хоць параметры гэтай дзяржавы да канца не выбудаваныя.

Паглынанне Беларусі з боку Расеі ў самой Расеі, асабліва ў глыбінцы, не выклікала б асаблівых перажыванняў, а набліжэнне межаў Расеі да Еўропы толькі б спадабалася рускім. З іншага боку, палякі таксама глядзяць на беларусаў трохі паблажліва. Для іх яны таксама збольшага сельскія людзі, якім трэба прышчапіць правілы еўрапейскіх паводзін. Наблізіць Беларусь да Еўропы — гэта не значыць для Захаду ўзяць яе з сабой, хутчэй, зрабіць буфернай зонай.

Для беларускай інтэлігенцыі, наколькі я зразумеў па гутарках на фестывалі, ані той, ані іншы падыход не пасуе, — піша Ерафееў.

Гэта паставіла грамадства ў складанае становішча ў дачыненні да ўлады. Лукашэнка стаў адзіна надзейным гарантам незалежнасці Беларусі. Незалежна ад таго, што прымусіла яго прыняць місію гаранта, любоў да краіны або — да сябе і сям'і, якая працягне яго справу, а можа быць і першае, і другое, — Лукашэнка мае досвед, як весці складаныя перамовы з Пуціным, сябраваць і грубіяніць яму, не згаджацца па цэлым шэрагу пытанняў. Вядома, пасля Крыма Пуцін здольны на нечаканыя ўчынкі, яму і Лукашэнка не перашкода прарвацца да межаў Польшчы, але калі так, то рабіць яму гэта трэба як мага хутчэй, таму што Беларусь адколваецца і як крыга адплывае ад Расеі.

Беларусь сёння ўяўляе сабой добра вымеценую, працавітую краіну, якая не пакідае ўражання страчанай у сучаснай гісторыі. Палі дагледжаныя, асноўныя дарогі ў добрым стане.

Рускую літаратуру там ведаюць добра, падрабязна, як родную, але з пункту гледжання беларускіх гісторыкаў мы належым да розных цывілізацый.

Беларусы сцвярджаюць, што Вялікае Княства Літоўскае — сярэднявечная дзяржава ад Балтыйскага мора да Чорнага (у найбольш удалыя для яго гады) — гэта і ёсць іх уласная дзяржава. У доказ гэтага мяне адвялі ў галерэю ў цэнтры горада, спецыяльна адчынілі яе ў нядзелю, каб паказаць мне парад геаграфічных карт — нямецкіх, французскіх, польскіх, якія дэманстравалі тэрытарыяльную моц Вялікага Княства. Гэтае Княства было праклятым месцам для савецкіх гісторыкаў, якія ўсяляк ганілі яго. Ужо толькі пасля перабудовы рускія універсітэцкія студэнты ўпершыню даведаліся, што Княства было еўрапейскай альтэрнатывай для рускага насельніцтва, якое там, ва ўсходніх яго абласцях, прыжылося і размаўляла па-руску. Зрэшты, новы рускі нацыяналізм пуцінскіх гадоў зноў хавае гэтую тэму.

У якасці галоўнай адметнасці, якая аддзяляе Княства ад імпэрскай Расеі, мне на фестывалі давялі пра тое, што ў іх быў Рэнесанс (у Расеі сапраўды яго не было). Акрамя таго, Еўропа — гэта готыка, і ў іх была свая готыка. Ну вось, «вясковая» Беларусь уступае ў спрэчку з імперскай Расеяй… У Беларусі ёсць і каталікі, і праваслаўныя, і ўніяты — увогуле, заўсёды была рэлігійная памяркоўнасць.

Я не хачу ўдавацца ў падрабязнасці гістарычных канцэпцый. Я хачу сказаць, што Беларусь сплывае да цывілізацыі, якая ёй гістарычна бліжэйшая. На гэтым шляху яе будуць чакаць усялякія нечаканасці.

Як бы там ні было, у беларускай інтэлігенцыі ідзе разварот ад антыкаланіяльнага дыскурсу, які звязаны з мінулым Беларусі, да посткаланіяльнага, звернутага да будучыні. Беларусь для мяне падобная на крыштальную вазу, з якой трэба абыходзіцца асцярожна. Ёй не патрэбны лёс Украіны, але ёй непрымальны і аншлюс», — піша Ерафееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?