Свой верш Міхась Скобла апублікаваў у сябе ў фэйсбуку.

Міхась Скобла. Радаўніца

Над крыжамі птах пяе.
Гэй, аднавяскоўцы,
Мармуровыя мае!..
У адказ — ні слоўца.

Паражнілі гляк да дна,
Запівалі квасам.
Танцавалі да відна
Польку з выхілясам.

Звонкаглінныя збанкі
На платах віселі.
Сьпеў ляцеў на ўсе бакі,
Па тры дні — вясельлі.

Прывяла вярба наўгад,
Жоўтая, як з воску, —
Ні людзей няма, ні хат,
Закапалі вёску.

Там клады і тут клады,
Зруб ляжыць ля зруба.
Перабраліся б сюды,
Дзед Васіль мой малады,
Цётка мая Люба.

Памінальнай сьвечкі ўсхліп
Стыне ў халадэчы.
Можа, тут вы ажылі б,
Запаліўшы ў печы.

Экскаватарны раскоп.
Вецер рве газету.
Комін, нібы перыскоп,
Глянуў з таго сьвету…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?