Жыхары Брэста, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, спынілі фуру з акумулятарамі. Як мяркуюць актывісты, прадукцыя была выпушчана незаконна.

Праціўнікі акумулятарнага завода ўначы затрымалі фуру, якая ехала з прадпрыемства, і паведамілі пра гэта ў КДБ

«Наша Ніва» пацікавілася, як можна сярод ночы спыніць фуру — няўжо класціся пад колы? 

Як выявілася, усё празаічна. Дэталі нам расказалі актывісты. 

«Усё адбылося каля гадзіны ночы. З завода выехала машына, па выглядзе з прадукцыяй. А сітуацыя такая, што завод пакуль можа працаваць з 8 да 20 гадзін, усё астатняе — незаконна. Ну і могуць выпускаць толькі пробную прадукцыю.

Таму за гэтай машынай паехалі некаторыя актывісты з тых, што былі на варце. Кіроўца ўбачыў, што за ім «хвост», прытармазіў на ўзбочыне, але потым зноў паехаў. У выніку ў Драгічынскім раёне выклікалі ДАІ з тлумачэннем, што ў машыне можа быць незаконна выпушчаны тавар.

Драгічынскія даішнікі і спынілі машыну, таму нам удалося адфоткаць накладныя, акты. Вядома, ДАІ нічога не зробіць — па іх спецыфіцы парушэнняў няма, але атрыманую інфармацыю мы адправілі ў іншыя ведамствы, у тым ліку у КДБ і Дзяржкантроль», — патлумачылі нам. 

Што за людзі стаяць ноччу на варце ля завода? 

«Ужо з 3 мая стаяць! Усе яны працуюць, з сем'ямі, больш за год ужо змагаюцца з прадпрыемствам, прыязджаюць па часе, хто як можа, мяняюцца», — апісаў партрэты актывістаў адзін з лідараў брэсцкіх пратэстаў, масажыст Аляксандр Абляк. 

Чытайце: Беларускамоўны масажыст Алесь Абляк — адзін з лідараў брэсцкіх пратэстаў

Звязацца з заводам не ўдалося: людзі, якія здымаюць кантактны тэлефон, робяць выгляд, што ім кепска чуваць, а пры спробе перазваніць не здымаюць слухаўкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?