14 мая ў Тэль-Авіве прайшоў першы паўфінал Еўрабачання 2019. Беларуская спявачка Зена выйшла ў фінал конкурсу.

Чытайце таксама: Дзіўны адбор: на Еўрабачанне ад Беларусі зноў паедзе пратэжэ расійскага прадзюсара Дробыша ВІДЭА

Сёння, у рамках першага паўфіналу Еўрабачання, выступілі прадстаўнікі 17 краін: Беларусь, Венгрыя, Кіпр, Польшча, Сербія, Славенія, Фінляндыя, Чарнагорыя, Чэхія, Аўстралія, Бельгія, Грэцыя, Грузія, Ісландыя, Партугалія, Сан-Марына і Эстонія. Францыя, Іспанія і Ізраіль праходзяць у фінал аўтаматычна, але таксама сёння выступалі.

Па выніках першага паўфіналу ў фінал выйшлі Грэцыя, Беларусь, Сербія, Кіпр, Эстонія, Чэхія, Аўстралія, Ісландыя, Сан-Марына і Славенія.

Другі паўфінал адбудзецца ў чацвер, 16 мая.

У фінале, які адбудзецца 18 мая, да ўдзельнікаў, якія перамогуць у паўфіналах, далучацца прадстаўнікі краін Вялікай пяцёркі — Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі і Вялікабрытаніі, а таксама ўдзельнік, які прадстаўляе краіну-пераможцу леташняга конкурсу — Ізраіль.

Спіс краін і парадак выступлення ў першым паўфінале быў такім:

  1. Кіпр: Тамта — Replay
  2. Чарнагорыя: D—moll — Heaven
  3. Фінляндыя: Darude feat. Sebastian Rejman — Look Away
  4. Польшча: Тулія — Pali się
  5. Славенія: Зала Краль і Гашпер Шантл — Sebi
  6. Чэхія: Lake Malawi — Friend of a Friend
  7. Венгрыя: Ёцы Папаі — Az én apám
  8. Беларусь: Зена — Like It
  9. Сербія: Невена Божавіч — Круна
  10. Бельгія: Эліёт Вассаміллет — Wake Up
  11. Грузія: Ота Немсадзэ — Sul tsin iare (სულ წინ იარე)
  12. Аўстралія: Кейт Мілер-Хайдке — Zero Gravity
  13. Ісландыя: Hatari — Hatrið mun sigra
  14. Эстонія: Віктар Крон — Storm
  15. Партугалія: Конан Асірыс — Telemóveis
  16. Грэцыя: Кацярына Дуска — Better Love
  17. Сан-Марына: Серхат — Say Na Na Na

Сёлета ў конкурсе бярэ ўдзел 41 краіна. Балгарыя адмовілася ад удзелу ў песенным конкурсе у 2019 годзе па фінансавых прычынах, таксама, як і Боснія і Герцагавіна, якая апошні раз удзельнічала ў Еўрабачанні ў 2016 годзе.

Турцыя, якая апошні раз удзельнічала ў песенным конкурсе ў 2012 годзе, абвясціла аб тым, што не плануе вяртацца на конкурс. Акрамя таго, у Еўрабачанні 2019 адмовілася браць удзел і Украіна ў сувязі з нежаданнем спявачкі MARUV, якая перамагла ва ўкраінскім адборы, падпісваць кантракт з грамадскай тэлекампаніяй.

Чытайце таксама: Хто з'яўляецца галоўнымі фаварытамі Еўрабачання-2019 і ці ёсць сярод іх беларуска — разважаем разам з экспертамі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0