Беларускую эканоміку ахапіў фінансава‑эканамічны крызіс. Усе групы грамадзтва ў трывозе за будучыню свайго дабрабыту й пэрспэктывы ўласнага эканамічнага выжываньня.

Крызіс мае глябальны характар. Але яго прычыны, наступствы і, галоўнае, пэрспэктывы хуткага пераадоленьня ў розных краінах моцна адрозьніваюцца і залежаць ад ступені дэмакратыі і адказнасьці ўлады перад грамадзтвам.

У краінах з дэмакратычным уладкаваньнем жыцьця, дзе функцыянуюць рэальна выбраныя парлямэнты і прызначаныя імі ўрады, паўнапраўныя няўрадавыя арганізацыі, свабодныя суб’екты рэальнай вытворчасьці і СМІ, адной зь перадумоваў пераадоленьня крызісу ёсьць фактар узаемнага даверу. Кіраўнікі ўрадаў, нацыянальныя банкі, адпаведныя камітэты парлямэнтаў, лідэры прамысловых карпарацыяў выступаюць з разгорнутымі кароткатэрміновымі і пэрспэктыўнымі доўгатэрміновымі праграмамі, якія шырока абмяркоўваюцца ў грамадзтве.

У Беларусі сёньня ключавыя пытаньні эканомікі, гэтаксама як і палітыкі, вырашаюцца кулюарна, зыходзячы з супярэчлівых выказваньняў фактычнага кіраўніка дзяржавы, якія пасьля паслухмяна інтэрпрэтуюць міністры ды абдзяржаўленыя тэлебачаньне, радыё, прэса. Аўтарытарная мадэрнізацыя, у пэрспэктывах якой нас пераконваюць ня толькі ўладныя прапагандысты, але некаторыя эўрапейскія палітыкі, у Беларусі ў прынцыпе немагчымая. Адзін з прыкладаў кулюарных рашэньняў – беспрэцэдэнтна цынічна праведзеная дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў першы дзень новага году. У выніку багатыя прыўладныя структуры сталі яшчэ багацейшыя, страта даверу грамадзтва да ўлады стала эканамічным фактарам, а шанцаў на аздараўленьне нацыянальнай эканомікі паменела.

Партыя БНФ – патрыятычная сіла, што засьведчыла гатоўнасьць і волю бараніць беларускі нацыянальны інтарэс цягам усіх 20 гадоў свае гісторыі. Таму БНФ ня будзе падзяляць з А.Лукашэнкам адказнасьці за крызіс, для прадухіленьня якога ён не зрабіў нічога, а, наадварот, набліжаў і ўзмацняў яго сваёй палітыкай аднабаковай арыентацыі на Расею, кансэрвацыі савецкай мадэлі эканомікі, сыстэматычнага падману грамадзтва. Цяперашняя ўлада заслугоўвае як мага хутчэйшага сыходу ў адстаўку.

Сёньня, перад абліччам нарастаньня сыстэмнага крызісу, уладныя структуры спрабуюць выкарыстоўваць лібэральную тэрміналёгію, а нават уключаюць асобных прадстаўнікоў недзяржаўных структураў у групы выпраўленьня міжнароднага іміджу дзяржавы. Захады дзеля зьмены гаспадарчага заканадаўства, якія ажыцьцяўляе лукашэнкаўскі ўрад, прывядуць толькі да ўзбагачэньня праўладных бізнэсовых структураў, а не да ўмацаваньня сярэдняга й малога прадпрымальніцтва – асновы здаровай эканомікі й сярэдняй клясы ў дэмакратычных краінах. Але безь інстытуцыянальных зьменаў, скіраваных на пабудову ўзаемнага агульнанацыянальнага даверу, гэты падыход застанецца толькі дэкарацыяй ранейшай сутнасьці рэжыму.

БНФ гатовы браць на сябе адказнасьць за распрацоўку і практычную рэалізацыю канкрэтных шляхоў пераадоленьня сыстэмнага крызісу, у якім апынулася Беларусь.

Аднак немагчыма выпрацоўваць спосабы вырашэньня эканамічных праблемаў ва ўмовах сакрэтнасьці, якой акружаныя эканамічная інфармацыя і эканамічныя рашэньні. Сакрэтнасьць толькі правакуе домыслы, чуткі, нэрвовасьць, а ў выніку далейшае пагаршэньне сытуацыі з нацыянальнай грашовай адзінкай і фінансава‑эканамічнай сытуацыяй у цэлым. Непразрыстасьць вакол пагадненьняў з Расеяй вымушае меркаваць пра патаемную здачу дачасьнікамі пры ўладзе карэнных нацыянальна‑дзяржаўных інтарэсаў нашай краіны.

Гэтаксама БНФ катэгарычна адмяжоўваецца ад правакацыйных прапановаў «лібэральных» эканамістаў для пераадоленьня крызісу перайсьці на расейскі рубель.

У нармальным грамадзтве грамадзянская супольнасьць патрабуе ад ураду і мае аб’ектыўную публічную інфармацыю пра стан рэчаў. Нязгодная, крытычная частка грамадзтва можа толькі тады напоўніць свае макрасхемы канкрэтнымі рэкамэндацыямі, калі будзе мець доступ да першакрыніцаў, якія ў цывілізаваных грамадзтвах ня лічацца дзяржаўнай ці камэрцыйнай таямніцай.

Таму Партыя БНФ патрабуе ад ураду публічнага адказу на наступныя пытаньні:

На якіх палітычных ды эканамічных умовах кіраўніцтва Беларусі дамовілася з Расеяй пра цану на газ у 2009 годзе?

Якімі палітычнымі ды эканамічнымі ўмовамі абстаўлены расейскі крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў?

2,5‑мільярдны крэдыт МВФ для Беларусі можа часткова дапамагчы выканаць толькі кароткатэрміновыя праграмы. Як мяркуецца распарадзіцца ім для стабілізацыі фінансавай сыстэмы і не дапусьціць яго змарнаваньня і раскраданьня ўладнай групоўкай? Як бачыць урад працяг фінансава‑эканамічнай палітыкі пасьля вычарпаньня крэдыту МВФ?

Як зьмянілася за апошнія гады форма ўласнасьці ААТ «Белтрансгаз»? Якім чынам перадача значнага пакету акцыяў ААТ расейскім суб’ектам гаспадараньня адаб’ецца на энэргетычнай бясьпецы нашай краіны?

Якія фінансавыя крыніцы ва ўмовах крызісу мяркуецца выкарыстаць для пабудовы АЭС? Як будзе ўмацоўвацца энэргетычная незалежнасьць Беларусі, калі замову на будаўніцтва АЭС атрымліваюць расейскія карпарацыі? Якім вырашаныя пытаньні паразуменьня з ЭЗ, каля межаў якога мяркуецца будаваць АЭС, а таксама пытаньні захаваньня, будаўніцтва сховішчаў, транспарту рэшткаў адпрацаванага паліва?

Як зьмяніўся стан асабістых рублёвых рахункаў найвышэйшых службовых асобаў краіны ў пэрыяд за два тыдні да дэвальвацыі? Якую адказнасьць панесьлі ўладныя чыноўнікі й прыўладны бізнэс, якія своечасова мелі інфармацыю пра плянаваную дэвальвацыю беларускага рубля, а ў выніку, у адрозьненьне ад шараговых укладчыкаў, ня толькі не панесьлі стратаў, але ўзбагаціліся?

Выступаючы 13 студзеня перад журналістамі пасьля наведваньня «Белкамунмашу», А.Лукашэнка амаль даслоўна сказаў: «Сейчас не нужно плакать о каких‑то рублях, нужно спасать производство …». Ці азначае гэта, што найбольш бедным укладчыкам (непрацоўным пэнсіянэрам з малой пэнсіяй, калгасьнікам) 20%‑ая страта банкаўскіх укладаў ня будзе кампэнсаваная?

Якім чынам будзе выкананы новапрыняты бездэфіцытны бюджэт, калі не скасаваныя доўгатэрміновыя дарагія нерэнтабэльныя праграмы будаўніцтва аграгарадкоў, спартовых аб’ектаў, плянуюцца фактычна незваротныя крэдыты калгасам, чыя запазычанасьць дзяржаве складае больш за 45% пры 9%‑най долі сельгасвытворчасьці ў сукупным ВП?

Ці будуць для зьмяншэньня бюджэтнага дэфіцыту скарочаны дзяржапарат, замарожаныя ці зьніжаныя аклады чыноўнікам (пачынаючы з найвышэйшых), зьніжаныя ці скасаваныя бонусы банкаўскім мэнэджэрам, падвышаныя падаткі на люксусовыя пакупкі?

Звычайная пэнсія складае каля 40% сярэдняга заробку і сёньня дэвальвавалася прыблізна да ўзроўню 2006 году. Пэнсія чыноўніка, пачынаючы з 5‑гадовага стажу – значна вышэйшая, а потым дасягае 70% ад заробку. Якія захады будуць зробленыя для скасаваньня відавочнай пэнсійнай дыскрымінацыі? Ці і калі плянуецца падвышэньне пэнсійнага ўзросту?

Штучна падтрымліваецца няпоўная занятасьць на вытворчасьці. Гэта кансэрвуе тэхналягічнае адставаньне і неканкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў. Як улічваюцца пры ацэнцы стану працоўных рэсурсаў краіны 1,5 млн. чалавек працаздольнага ўзросту, якіх «не хапае» ў статыстыцы занятасьці? Калі будуць зробленыя празрысты кваліфікаваны падлік фінансаў, скарачэньне занятых на нерэнтабэльных вытворчасьцях, падвышэньне выплатаў па беспрацоўі (ад 30% да 50% ад сярэдняга заробку) і тым самым легалізацыя рэальнага беспрацоўя?

Як суадносяцца пляны разбудовы расійска‑беларуска‑казахстанскага вытворча‑спажывецкага цыклю, якія кансэрвуюць старую вытворчасьць, зь неабходнасьцю мадэрнізацыі беларускай прамысловасьці і яе выхаду на стабільныя і патрабавальныя рынкі разьвітых краінаў?

Ці гатовы ўрад даць публічную справаздачу пра зьмену формы ўласнасьці (перавод з ААТ у ЗАТ) за апошнія 5 гадоў і фактычных уласьнікаў найбольш ліквідных і прыбытковых прадпрыемстваў вытворчасьці, гандлю, абслугоўваньня?

Пры дапамозе якіх мэханізмаў урад гарантуе захаванасьць асабовых укладаў у банках зь беларускім і замежным капіталам?

Калі і якім чынам урад зьбіраецца выканаць абавязак вярнуць маёмасьць і страты шматкроць абрабаваным грамадзянам, у тым ліку празь зямельную рэформу?

Ці, калі і за кошт чаго будзе выкананыя рашэньні аб сацыяльных гарантыях асобным групам насельніцтва, у тым ліку ўказ аб павелічэньні дапамогі маладым сем’ям зь дзецьмі з 1 студзеня 2009 г.? Ці і ў якой ступені будуць падвышаныя цэны на лекі й мэдычныя паслугі? Ці будуць праіндэксаваныя з улікам дэвальвацыі сацыяльныя выплаты?

* * *

Партыя БНФ гатовая прапанаваць пазытыўны адказ на кожнае пытаньне, пастаўленае ўраду. Аднак практычная рэалізацыя выратавальных для эканомікі крокаў будзе магчымай толькі пасьля дэмакратычных рэформаў, у атмасфэры грамадзкага даверу. Сур’ёзныя інстытуцыянальныя рэформы можа ажыцьцявіць толькі ўрад народнага даверу. Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за фармаваньне такога ўраду – пасьля таго як адбудуцца свабодныя дэмакратычныя выбары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?