Менавіта на Астравеччыне зафіксаваны прэцэдэнт самага моцнага беларускага землятрусу. Піша на naviny.by Алесь Юркойць.

Адразу скажу, што я не супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Але перакананы, што ў нас на Астравеччыне такая станцыя прынясе толькі страты ў маштабах усёй краіны.

Аргумент першы — бяспека. Менавіта на Астравеччыне зафіксаваны прэцэдэнт самага моцнага беларускага землятрусу.

Сто гадоў таму газета «Наша Ніва» (1909 г., № 3) пісала, што 17 снежня а 5 гадзіне зрання — яшчэ было цёмна, жонку арандатара фальварка Сяржанты (2 км ад станцыі Гудагай) разбудзіў страшэнны гром. Зазвінелі шклы ў вокнах і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё сціхла; хутка прыбег і арандатар, што быў пры скаціне ў хляве і расказаў, што і ён таксама чуў гул, быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжала, і жывёлы пападалі на калены. Выбегшы з хлява, ён убачыў недалёка роў глыбокі, які цягнуўся мусіць з вярсту з поўначы на паўднёвы ўсход. Думаюць, што гэта водгалас таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак.

На маёй Астравеччыне Сяржанты — не адзінае месца, дзе адчувалася трасенне зямлі. Са словаў былога дырэктара Гярвяцкай школы спадара Пяткевіча Эдуарда Міхайлавіча 1925 году нараджэння мне вядома, што яго бацька таксама быў сведкам згаданага землятрусу.

Зямля траслася настолькі моцна, што посуд у хаце ляцеў з паліцаў.

Беларускія адмыслоўцы (Р.Гарэцкі, А.Емяльянаў, А.Бабарыкін) ацанілі той землятрус 1909 году ў 7 балаў паводле шкалы Рыхтара. І сёння намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк пагадзіўся з тым, што менавіта ў Астравецкай пляцоўкі бал сейсмічнасці найвышэйшы з усіх чатырох пляцовак (naviny.by, 04.06.2008).

Другі аргумент — прырода. Гаворка пра разбурэнне ўнікальных прыродных комплексаў, якія знаходзяцца на берагах ракі Вяллі‑Віліі (такіх, як напрыклад ваколіцы гары Замкоўкі, пра якую 150 гадоў таму пісаў заснавальнік беларускай навуковай археалогіі Канстанцін Тышкевіч), а таксама ў межах яе вадазабору (у тым ліку гэта заказнікі — Блакітныя і Сарачанскія азёры плюс Нарачанскі Нацыянальны парк). Як краязнавец паводле прызвання і географ паводле адукацыі я ведаю, што ні ў гісторыка‑культурным, ні ў прырода‑эколага‑рэкрэацыйным плане, ні адна з прапанаваных пляцовак і блізка не можа параўноўвацца з Астравецкай.

Па‑трэцяе — турызм. Мне, як карэннаму жыхару Астравеччыны, хочацца паўсюль прапагандаваць свой край, і я заўсёды гатовы, маючы вольную хвіліну, правесці экскурсію для кожнага, хто толькі гэтага пажадае. Але, калі прачытаўшы гэтыя радкі, вы вырашылі наведаць Астравеччыну, вас чакае вялікае расчараванне. Бо квіткі ні на цягнік, ні на аўтобус вам не прададуць, хоць яшчэ нават і катлаван не пачалі капаць пад АЭС. А калі вы прыедзеце ў наш раён на сваім уласным аўто, то і ў такім разе зможаце знаходзіцца на яго тэтыторыі не больш за тры гадзіны, ды й то толькі транзітам. Каб пабыць болей, вам трэба «легалізавацца». Рэч у тым, што і без АЭС увесь Астравецкі раён — памежная зона. Будаўніцтва атамнай станцыі ў самым цэнтры раёна дадасць да гэтага яшчэ адну зону — рэжымную. У выніку й без таго абмежаваныя магчымасці турызму будуць цалкам закрытыя.

І ніхто не пабачыць: адзінай у Беларусі даўняй Кальварыі ў лесе ўздоўж Віліі (гэта ў нас у Дубку), цудадзейнага абраза Маці Божай у Гудагаі, Дубніцкай сядзібы, у якой пісаў свае творы нобелеўскі лаўрэат Генрых Сянкевіч,
сядзібы ў Трокеніках, дзе прайшло дзяцінства сусветна вядомага мастака Мар’яна Богуша‑Шышкі, радавой сядзібы Бжастоўскіх ля Міхалішкаў, дому ў Баранях, дзе нарадзіліся славутыя браты Стаповічы і шмат‑шмат усяго іншага, што захавалася і дажыло да XXI стагоддзя на Астравеччыне і чаго няма ў наваколлі Кукшынаўскай, Краснапалянскай ці Верхнедзвінскай пляцоўкаў і болей нідзе ані ў Беларусі, ані ў свеце.
Бывай тады і «астравецкая швейцарыя»,
як называе ўзгорыстую паўднёва‑заходнюю частку Астравеччыны наш зямляк Адам Мальдзіс. На Астравеччыне на адгор’ях Ашмянскага ўзвышша выдатны рэльеф для горналыжных і горных велатрасаў (што для Беларусі вялікая рэдкасць!), якія ў сукупнасці з запланаваным недалёка адсюль (на самым вялікім у рэспубліцы возеры Нарач, якое і само па сабе ёсць унікальны аб’ект) аквапаркам і ўжо існуючымі там санаторыямі і базамі адпачынку, рэкамі Страчай (дарэчы адзіная з беларускіх рэкаў у былым СССР мела другую катэгорыю складанасці і таму для нас унікальная, бо фактычна горная з шматлікімі перакатамі і вадаспадамі) і Вяллёй (з якой плануюць браць ваду для станцыі, бо яна працякае ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад пляцоўкі), шматлікімі азёрамі ды добрай сотняй памяткаў і помнікаў даўніны, што існуюць на тэрыторыі нашага рэгіёну (толькі ў Варнянах старажытная цэнтральная плошча XVIII ст. займае каля 5 га тэрыторыі і там няма ніводнага будынка пабудаванага нават у XIX стагоддзі, і гэты архітэктурны ансамбль адзіны ў краіне і не мае такіх маштабных аналагаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі (а гэта 6,5 км ад пляцоўкі, мала без чаго ў 2 км зону адсялення не патрапляе!) — усё гэта магло б стаць у перспектыве найлепшым у краіне рэкрэацыйна‑аздараўленчым цэнтрам!

***

Чацьвёрты аргумент — вада. Вада з Вяллі і без АЭС у даволі вялікім аб’ёме забіраецца для патрэбаў сталіцы. Са словаў інжынера ГУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» Уладзіміра Петрушкевіча, якраз адным з асноўных фактараў прыняцця рашэння будаўніцтва АЭС менавіта ў Астравецкім раёне з’явілася наяўнасць тут дастатковай колькасці водных рэсурсаў. А гэта якраз гаворка пра Вяллю, якую летась нават у ніжнім цячэнні (пад Коўнам) мне ўдавалася лёгка пераходзіць уброд…

Пятае — вецер. У Беларусі пераважаюць паўночна‑заходнія вятры і дастаткова бегла зірнуць на карту, каб зразумець, што ў выпадку аварыі, альбо нават адзінкавага радыяцыйнага выкіду, воблака з 90%‑най доляй верагоднасці будзе рухацца на Мінск. Да таго ж з усіх прапанаваных Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў найбліжэйшым прыбліжэнні да сталіцы.

І апошняе, шостае, — стронга. На гербе Астраўца змешчана выява стронгі (фарэлі), гэта рыба сямейства ласасёвых і яна водзіцца прынамсі ў пяці рэках Астравецкага раёну. А, як вядома, стронга можа існаваць толькі ў чыстай і досыць халоднай вадзе і гэта лепшы індыкатар экалагічнага стану нашых рэк. Хто ведае, якой стане Маці‑Вялля‑Вулляна ўжо праз бліжэйшыя 8‑10 гадоў? Ці захоча пасля прыняць яе ў свае абдымкі Бацька‑Нёман?

Алесь Юркойць, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0