Валянцін Елізар'еў (фота - Арцём Лява)

Валянцін Елізар'еў (фота - Арцём Лява)

Два дні пасля сваёй адстаўкі з пасады кіраўніка Беларускага балету, харэограф Валянцін Елізар’еў даў прэс-канферэнцыю ў сядзібе незалежнай пісьменніцкай арганізацыі, дзе выказаўся наконт сітуацыі ў тэатры і пра свае адносіны з чыноўнікамі Міністэрства культуры.

У Міністэрстве культуры Елізар’еву прапаноўвалі застацца толькі мастацкім кіраўніком, вызваліўшы пасаду гендырэктара. У міністэрстве аргументавалі гэта тым, што на пасаду патрабуецца «добры гаспадарнік».

Але, не знайшоўшы паразумення з Мінкультам, Валянцін Елізар’еў адмовіўся і датэрмінова напісаў заяву аб сыходзе з абедзвюх пасадаў.

На думку харэографа, тэатру патрэбны дырэктар, што мае аўтарытэт менавіта ў мастацкай дзейнасці, а не ў гаспадарчай. «У нашым тэатры бачаць нешта накшталт філіі міністэрства, куды павінны пераходзіць чыноўнікі». Елізар’еў лічыць, што «аддаць тэатр малакампетэнтнаму дырэктару-гаспадарніку, значыць, загубіць тэатр ... які ёсць перадусім творчым арганізмам».

Другая прычына сыходу Еліза’ева — незадаволенасць тэмпамі і якасцю рэстаўрацыі будынку Оперы. «Гэта не проста канфікт мастака з чыноўнікамі. Рэканструкцыя тэатру ідзе з вялікі цяжкасцямі і прамаруджваннямі», — зазначыў Елізар’еў. Паводле словаў былога дырэктара, калі трупа была высеная з будынку оперы, рамонт не пачынаўся яшчэ 4 месяцы, і артысты былі вымушаныя працаваць у абсалютна непрыстасаваным Палацы Рэспублікі (балет) і Доме Афіцэраў (опера). «У дадатак сарваныя ўсе тэрміны заканчэння рамонту, а закладнікамі некампетэнтнасці чыноўнікаў зрабіліся артысты: напрыклад, трупе бракуе памяшканняў», — зазначыў Валянцін Елізар’еў.

Да ўсяго дадалася крыўда на бяздушнасць міністра культуры, які развітаўся з прызнаным харэографам, нават не сустрэўшыся.

Прэс-канферэнцыя маэстра сабрала рэкордную колькасць журналістаў. Яны не змясціліся ў невялічкім памяшканні ПЭН-Цэнтру. Іх прывабіла як тэма, так і факт правядзення сустрэчы на «недзяржаўнай тэрыторыі».

* * *

Валянцін Елізар'еў (нар. Баку, 1947) кіраваў Беларускім Балетам ад 1973. Належыць да расійскай балетнай традыцыі. Ён быў падпісантам «звароту інтэлігенцыі» ў падтрымку Лукашэнкі ў 1996, калі вырашалася, застанецца краіна аўтакратычнай ці вернецца да дэмакратыі. Ягоная жонка, Маргарыта Ізворска-Елізар'ева, пэўны час кіравала Беларускай Операй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?