Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў абмяркуе ў пятніцу ў Маскве з беларускім калегам Сяргеем Румасам пытанні супрацоўніцтва, сярод якіх будуць і тэмы запазычанасці Мінска перад Масквой ад рэалізацыі схемы з «растваральнікамі», а таксама праблемы вакол бруднай нафты ў «Дружбе», піша ТАСС.

«Плануецца закрануць і праблемныя тэмы, якія тычацца пастаўкі нафты па трубаправодзе «Дружба», а таксама запазычанасці Беларусі, якая ўзнiкла пры рэалізацыі незаконнай схемы з пастаўкамі так званых растваральнікаў», — сказаў прэс-сакратар кіраўніка ўрада Расіі Алег Осіпаў.

«Падчас сустрэчы Мядзведзева з Румасам, запланаванай на 24 мая ў Маскве, будзе абмяркоўвацца комплекс пытанняў, звязаных з інтэграцыйным працэсам, станам гандлёва-эканамічных адносінаў паміж нашымі краінамі», — паведаміў таксама Осіпаў.

Праблема з «растваральнікамі» датуецца 2010—2012 гадамі. Тады расійскі бок абвінаваціў Беларусь у рээкспарце нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў.

Хімічная прадукцыя («растваральнікі і разбавіцелі складаныя арганічныя» і «змазачныя матэрыялы») не трапляла ў разрад нафтапрадуктаў, у выніку расійскі бюджэт недаатрымліваў экспартных пошлін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0