Калбаска сам перастаў хадзіць яшчэ ў школе. Гэта былі савецкія часы, калі людзей на вазках не чакалі не толькі ў ВНУ і на працы, але і на вуліцах. Нягледзячы на гэта, Калбаска стаў моцным эканамістам, быў абраны ў Вярхоўны Савет і мог стаць адным з кандыдатаў на пост першага презідэнта незалежнай Беларусі. Усё гэта заслугоўвае, каб памяць пра яго была крыху большых маштабаў, чым мемарыял раз на год і згадкі сваякоў і калег. Менавіта таму «Наша Ніва» расказвае пра чалавека, які быў заўважным на палітычным небасхіле краіны ў 1990-я.

Мікалай Калбаска ў цэнтры.

«Дзень, які змяніў усё»

У сувязі з лютаўскімі падзеямі гэтага года, калі школьнік напаў на настаўніцу і аднакласнікаў у школе, згадкі пра Стоўбцы цяпер маюць негатыўны «прысмак». Сям’я Калбасак жыла менавіта тут. Сястра Мікалая, Ганна, навучалася якраз у 2-й школе, дзе здарылася трагедыя. Сам Мікалай хадзіў у СШ №1. Роўна да таго часу, пакуль мог гэта рабіць.

«Ён быў выбітным, таленавітым хлопцам, выдатнікам: на ўроках схопліваў усё імгненна, можна было нават нічога не давучваць дома. Нейкі час ён адначасова займаў першыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах па матэматыцы і фізіцы. Марыў пра факультэт ядзернай фізікі БДУ, і дарога туды яму была адкрытая»,

— згадвае пра старэйшага брата Ганна Цыганкова: у іх усяго некалькі год розніцы ва ўзросце.

Ганна Цыганкова.

Ганна Цыганкова.

Мікалай скончыў 9 класаў, на двары стаяла лета — канікулы і бесклапотны час. І тут нечакана ў хлопца пачалі балець ногі: спачатку левая, потым правая. Стан імкліва пагаршаўся.

— Дзень, які змяніў усё, я памятаю выдатна. Мы жылі ў прыватным доме, усе выгоды — на вуліцы.

Коля ішоў у прыбіральню і раптам паваліўся перад сабачай будкай. Гэта былі яго апошнія крокі…

Уся сям’я адразу рынулася ў бальніцу. У Стоўбцах далі накіраванне на Мінск: ніхто ў правінцыі не мог нават выказаць здагадку, што здарылася са здаровым хлопцам.

«Яго правяралі, як маглі, але ж тады не было ніякай тамаграфіі — што яны маглі высветліць. Пачалі з’яўляцца розныя здагадкі: маўляў, гэта ўсё таму, што Коля быў актыўным футбалістам і заўзятарам: сапсаваў ногі, калі саскокваў з другога паверха школы, каб збегчы з урокаў на матчы «Дынама». Але гэта ніяк не вырашала сітуацыю».

Бацькі наведвалі сына ў бальніцы і ледзь стрымлівалі слёзы ад свайго бяссілля: ён таксама плакаў, не хацеў хадзіць на мыліцах. І ніхто не мог яму дапамагчы. Тады было вырашана пайсці на крайнія меры: дзякуючы ўплывовым знаёмым (Калбаска-старэйшы ўзначальваў у раёне сферу гандля, а яго жонка працавала ў цэнтры сацыяльнай абароны), Мікалая пагрузілі на насілкі і на самалёце павезлі ў Ленінградскі ваенны шпіталь.

Дыягназ мясцовых медыкаў гучаў як «анамальны лішні паўпазванок». Было прынятае рашэнне рабіць аперацыю на хрыбетніку, якая, упэўненая Ганна Цыганкова, прайшла правальна праз памылку дактароў:

«Яму перарэзалі спінны мозг, бо калі да аперацыі ён хаця б адчуваў ногі, таз, то пасля — не. Чаму бацькі нічога не зрабілі з гэтым? А што яны маглі, калі прывезлі яго туды нелегальна? Ды і 1968 год стаяў на двары, узровень медыцыны пакідаў жадаць лепшага!»

Сястра Мікалая Ганна Цыганкова 30 год працуе ў грамадскім аб’яднанні «Беларускае таварыства інвалідаў» у аддзеле арганізацыйнай і сацыяльнай працы. Яна кажа, што калі не хацела другое дзіця, маці настаяла: «Другое трэба, каб была дапамога, калі нешта здарыцца».

Сястра Мікалая Ганна Цыганкова 30 год працуе ў грамадскім аб’яднанні «Беларускае таварыства інвалідаў» у аддзеле арганізацыйнай і сацыяльнай працы. Яна кажа, што калі не хацела другое дзіця, маці настаяла: «Другое трэба, каб была дапамога, калі нешта здарыцца».

«У пэўныя моманты Коля не хацеў жыць»

Мікалая забралі дадому ўжо на зімовых канікулах. Сваякі згадваюць, што за тыя месяцы ён рэзка змяніўся: не хацеў нічога, у пэўныя моманты адчаю — нават жыць.

Яму было 17 год: нядаўна ён марыў пря ядзерную фізіку, а цяпер бацькі мянялі яму пялёнкі (памперсаў тады яшчэ не было).

У Стоўбцы Мікалая прывезлі зусім нерухомым: сядзець на вазку яго змаглі навучыць толькі ў крымскім Сакі, куды маці праз райвыканкам выбіла пуцёўку на дваіх. Каб палегчыць сыну жыццё, бацька Ігнат зрэзаў у іх прыватным доме ўсе парогі, павялічыў дзвярныя выймы — уся сям’я Калбасак, не толькі Мікалай, вучылася жыць наноў.

Сястра, напрыклад, марыла паступаць у Львоў, але ў выніку не паехала далей за Мінск. Выбар на тэхналагічны паў толькі таму, што ад яго было блізка да чыгункі — так Ганна магла хутчэй прыязджаць дадому, каб дапамагаць сям’і з Колем:

«Калі я заканчвала 10 клас, Коля ўсё яшчэ заставаўся з 9-цю за плячыма: агулам ён не хадзіў ужо тры гады. Маці наша — прабіўны танк — накіравалася ў аддзел адукацыі, каб там Міколе далі дазвол атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Але наведваць школу на вазку ён не змог бы: умоў у горадзе не было аніякіх. Было вырашана, што вучыцца хлопец будзе дома, тамсама ў яго прымалі экзамены. Мікалай здаў усё на выдатна, толькі ў слове «касманаўт», памятаю, намагаўся зрабіць памылку, але я яму з другой літарай падказала. Колю спакойна можна было даць залаты медаль, але гэты было не па «правілах»: чалавек, які ні разу не наведаў школу, не мог на такое разлічваць».

Падобная сітуацыя пасля была і з дыпломам. Канечне, Коля ўсё яшчэ марыў пра ядзерную фізіку, але з такім дыягназам шлях туды быў закрыты. Як хлопец не пратэставаў, урэшце сваякі ўгаварылі паступіць яго на эканамічны факультэт. У Стоўбцы на «Волзе» прыехалі чатыры выкладчыкі, прынялі ў Мікалая экзамены — паставілі ўсе пяцёркі. Так ён стаў студэнтам завочнага аддзялення БДУ, пераехаў у Мінск.

У сталіцы яны жылі разам з сястрой. Ганна насіла ў корпус усе кантрольныя брата. У будынку навучальнай установы хлопец паявіўся толькі на абароне дыплома: для гэтага аднакурснікі неслі яго на чацвёрты паверх на руках. Чырвоны дыплом, нягледзячы на выдатныя адзнакі, яму не далі па тых самых прычынах, што і пасля заканчэння школы.

«Стаў цікавіцца палітыкай, каб дапамагаць людзям з інваліднасцю»

Яшчэ да атрымання дыплома Мікалай уладкаваўся у навукова-даследніцкі эканамічны інстытут. Ну, як уладкаваўся: зноў жа — вымушана працаваў з дома. Усе яго паперы і важныя журналы туды-назад, як было з універам, развозіла сястра. Потым да дапамогі падключыўся і яе муж. Ганна жартуе: каб хто ведаў, што на 35-м тралейбусе яна транспартуе планы развіцця эканомікі краіны, справа магла б прыняць нечаканы паварот.

Мікалай быў добрым аратарам: упэўненым і дзяркатым.

Мікалай быў добрым аратарам: упэўненым і дзяркатым.

Калбаска, нарэшце, добра забяспечваў сябе ў матэрыяльным плане: як толькі назапасіў грошай, набыў першыя «Жыгулі». Муж Ганны адаптаваў машыну для кіравання рукамі — так Калбаска атрымаў магчымасць перасоўвацца па горадзе. Яго цалкам задавальняла пасада ў інстытуце эканомікі, але новы віток у жыццё дадало адно тэлезнаёмства.

У 1982 годзе ААН прыняла Сусветную праграма дзеянняў у адносінах да людзей з інваліднасцю. У Беларусі, кажуць у Беларускім таварыстве інвалідаў, яна на той момант амаль што не абмяркоўвалася.

Уладзімір Патапенка, сузаснавальнік і сённяшні старшыня таварыства, згадвае: калі ў 1979 годзе ён выпісаўся з бальніцы пасля аўтамабільнай аварыі, у выніку якой пашкодзіў хрыбетнік, і патэлефанаваў ва ўпраўленне сацыяльнай абароны з пытаннем што яму рабіць і як карміць трох дзяцей, яму адказалі: «Прыходзьце, будзем абмяркоўваць».

Уладзімір Патапенка.

Уладзімір Патапенка.

— Калі я яшчэ раз патлумачыў, што цяпер на вазку, таму наўрад ці да іх даеду, мне адказалі, што нічым дапамагчы не могуць: я атрымліваю пенсію па інваліднасці, што яшчэ мне трэба? «Праблему» з дзецьмі прапаноўвалі вырашыць проста: забраць іх у інтэрнат. Умовы для людзей з інваліднасцю ў СССР былі страшныя: іх наўпрост не было. У прынцыпе, змянілася не так шмат…

Пра існаванне Сусветнай праграмы ў дачыненні да інвалідаў Патапенка даведаўся ад «братоў па няшчасці» у санаторыі Сакі: тыя ўручылі яму праграму дзеянняў на рускай мове. Тады Уладзімір вырашыў, што павінен узначаліць рух у абарону інвалідаў у Беларусі. Пачаў шукаць аднадумцаў. Каб у краіне з’явіўся той жа Закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў, прыходзілася ісці на крайнія меры: напрыклад, на аб’яўленне галадоўкі. Каб з’явілася профільная арганізацыя, трэба было сабраць сапраўдныя лічбы пра вялікую колькасць людзей з інваліднасцю па Беларусі, якія хаваліся.

Адну са сцэн адстойвання правоў Патапенкам і яго калегамі Мікалай Калбаска і ўбачыў па тэлебачанні. Пасля гэтага адшукаў хатні нумар Уладзіміра. Апошні згадвае, як у яго кватэры ў Шабанах раздаўся нечаканы званок, і на тым канцы дрота мужчына выказаў сваё жаданне ўключыцца ў агульную працу.

Мікалай Калбаска далучыўся да шэрагаў Беларускага таварыства інвалідаў як моцны эканаміст. Яму адразу прапаноўвалі ўзначаліць яго дзейнасць, але ён адмовіўся, бо фізічна не мог працаваць за сталом у кабінеце.

Усе далейшыя яго дзеянні, у тым ліку і абранне ў Вярхоўны Савет, былі ў імя таго, каб людзям з інваліднасцю ў Беларусі жылося лепш. Тая самая мэта ставілася і тады, калі ён пачаў збіраць подпісы, каб зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 1994 года.

З калегамі (Мікалай — першы справа).

З калегамі (Мікалай — першы справа).

У яго праграме галоўнымі пунктамі ішлі сацыяльная абарона і паляпшэнне ўмоў жыцця, стварэнне інфраструктуры для людзей з інваліднасцю (толькі адных сяброў арганізацыі тады налічвалася 200 тысяч чалавек). Дзеля агульнай мэты, каб іх праблемы прагучалі мацней, Калбаска, які ніколі раней не цікавіўся ўладай, стаў палітыкам (і гэта пры тым, што яго адгаворвалі многія паплечнікі: выразная палітычная афарбоўка арганізацыі магла нашкодзіць іх дзейнасці).

Патрэбную колькасць подпісаў каманда Калбаскі тады не назбірала. Былы намеснік дырэктара праграм беларускага тэлебачання Данат Яканюк, які сябраваў з Мікалаем (разам яны доўгі час рабілі праграму пра беларусаў з інваліднасцю «Лёс мой і надзея») кажа, што беларусы не здольныя былі ні тады, ні зараз даверыць лёс краіны чалавеку, у якога ёсць праблемы са здароўем: такія ў нас погляды на лідарства.

Яканюк сышоў з тэлебачання на стыку 90-х і нулявых, калі зразумеў, што не зможа прасоўваць там беларускую мову і культуру, як раней. Выкладаў на журфаку, цяпер працуе над навукова-публіцыстычнай кнігай, якая будзе прысвечаная гісторыі айчыннага тэлебачання.

Яканюк сышоў з тэлебачання на стыку 90-х і нулявых, калі зразумеў, што не зможа прасоўваць там беларускую мову і культуру, як раней. Выкладаў на журфаку, цяпер працуе над навукова-публіцыстычнай кнігай, якая будзе прысвечаная гісторыі айчыннага тэлебачання.

Разам з тым падкаванасці Каўбаскі ў эканоміцы, яго здольнасцям менеджара, моцнай беларускасці, якой пярэчыла нават думка пра несамастойнасць краіны, маглі тады пазайздросціць многія канкурэнты.

Калбаска ў тэлеэфіры разам з Данатам Яканюком.

Калбаска ў тэлеэфіры разам з Данатам Яканюком.

«Надзеі, звязаныя з Лукашэнкам, не апраўдаліся»

Уладзімір Патапенка расказвае: калі перад першымі выбарамі многія сябры іх арганізацыі верылі ў Аляксандра Лукашэнку, звязвалі з яго асобай вялікія надзеі, то ў працэсе яго дзейнасці ўжо ў першыя гады ўсе ўбачылі, што іх праблемы зніклі з парадку дня.

«Мікалай Ігнатавіч пачаў падтрымліваць Генадзя Карпенку. У нас абмяркоўвалася ідэя стварэння каманды для падтрымкі Карпенкі ў другіх прэзідэнцкіх выбарах. Але, як вядома, у 1999 годзе Карпенкі не стала (многія лічаць, што яго смерць была ненатуральнай). Што тычыцца Калбаскі, ёсць тэорыя, што пасля яго нядобрых выказванняў у адрас Лукашэнкі яму пачалі помсціць: у офісе нашай арганізацыі пачаліся праверкі. Амаль чатыры месяцы цягнуліся. У выніку правяраючыя органы знайшлі за што зачапіцца: напрыклад, нібыта нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, якія мы пусцілі на рамонт даху ўстановы для цяжкахворых. Былі ўведзеныя штрафныя санкцыі, Мікалаю Ігнатавічу і яго намеснікам рэкамендавалі вызваліць кіруючыя пасады…»

Так Мікалай Калбаска вымушаны шукаць сябе наноў, стварыў Навукова-аналітычны цэнтр праблем рэабілітацыі інвалідаў і пачаў працаваць у ім.

Апошнія гады перад смерцю, як сцвярджаюць знаёмыя, ён знаходзіўся ў дэпрэсіі. Мала чаго хацеў, у тым ліку не звяртаў увагу на астэаміэліт, які развіўся праз тое, што ён мала рухаўся. Не хацеў лячыцца…

У Мікалая не засталося спадкаемцаў. Яго жонка сышла да іншага. На фота: свята на працы.

У Мікалая не засталося спадкаемцаў. Яго жонка сышла да іншага. На фота: свята на працы.

Яго не стала 18 чэрвеня 2004 года. Мікалая пахавалі ў Стоўбцах. Але справа яго жыве і цяпер, за што яму павінны быць удзячныя не толькі людзі з інваліднасцю, але ўсе мы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?