Помнік Уладзіміру Леніну з цэнтральнай плошчы Смаргоні прыбралі месяц таму. Спачатку ішла гаворка пра тое, што помнік адновяць і вернуць на сваё месца. Але неўзабаве знеслі і п’едэстал да помніка.

Начальніца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Ганна Джумкова патлумачыла, што помнік зараз сапраўды аднаўляюць.

«Гэты помнік не ўяўляе ніякай архітэктурнай ці іншай каштоўнасці. Ён зроблены з цэменту, які з часам пачаў разбурацца. Было два варыянты.

Або пакрываць помнік металам, але гэта вельмі дорага. І думаю, людзі б не зразумелі, каб мы выдаткавалі грошы на гэта. Сёння ёсць больш запатрабаваныя сферы, дзе патрэбныя бюджэтныя грошы.

Або рабіць фармоўку з цэменту. Пасля таго, як працы будуць завершаныя, мы вернем помнік, яго ніхто не будзе разбураць і знішчаць. Правядзем грамадскае абмеркаванне і разам са смаргонцамі вырашым, у якім месцы паставіць Леніна», — расказала Ганна Джумкава.

Што ж датычыцца плошчы, то яна моцна зменіць сваё аблічча.

«У лістападзе ў Смаргоні пройдуць абласныя «Дажынкі», таму да іх і плошчу, і горад у цэлым чакае сур'ёзны рамонт», — абяцае Ганна Джумкова.

Помніку Леніну на адноўленай плошчы месца не знайшлося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?