Вядома кожнаму, якiя галасiстыя i асцярожныя гэтыя свойскiя птахi.Не дарэмна ж яны выратавалi Рым, калi ў горад знянацку iмкнулiся прабрацца ворагi. Такi гогат узнялi, што абаронцы крэпасцi прачнулiся i ўзялiся за зброю.
Вось так бы i тым пяцi пёрыстым аднаго гамяльчанiна, якi паставiў iх на адкорм на сваёй дачы ў адной з вёсак Рагачоўскага раёна, гвалт узняць.
Маўляў, да старога Новага года выдатная закусь будзе, думаў гаспадар. Усёй сям’i i родзiчам хопiць. Не дачакаўся чалавек гэтага моманту.Бо, аказваецца, нейкiя зламыснiкi таго ж самага хацелi. Прабраўшыся на дачу, тыя нiбы загiпназавалi гусак i пакiдалi iх у мяшкi.
Такiм жа спосабам знiклi пяць трусоў з дваровай прыбудовы жыхара вёскi Даўгалессе Гомельскага раёна. Тыя, праўда, па сваёй прыроднай натуры i не маглi падаць голас, але гэта не перашкодзiла мiлiцыi знайсцi зладзюжку. Дыетычным прадуктам вырашыла паласавацца раней асуджаная жыхарка гэтага ж населенага пункта. Нехта паквапiўся на 20 курэй‑нясушак i на 7 качак пенсiянеркi з вёскi Каменка таго ж Рагачоўскага раёна. Яны ў адну са студзеньскiх начэй знiклi з незамкнёнага хлеўчука гаспадынi.