Рэзкага росту цэн у Беларусі дапушчана не будзе. Аб гэтым прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў сёння журналістам у час наведвання ААТ «Магілёўхімвалакно».

Ва ўмовах дэвальвацыі расійскага рубля, украінскай грыўні, беларускага рубля цэны аб’ектыўна павінны ўзняцца. «Але я як кіраўнік урада стаю на той пазіцыі, што цэны павінны ўлічваць не толькі дэвальвацыю, але і адэкватна рэагаваць на знешнія рынкі, якія мяняюцца», — заявіў Сяргей Сідорскі. На знешніх рынках цяпер назіраецца падзенне цэн на вуглевадароды ў разы. Таму і прадукцыя вытворцаў‑перапрацоўшчыкаў гэтай сыравіны павінна таннець. Пакуль што гэтага не адбываецца, бо яны выпрацоўваюць рэсурсы дакрызіснага перыяду.

«Цэны павінны максімальна рэагаваць на выклікі рынку. А на рынку ідзе зніжэнне цэн на асноўныя сыравінныя рэсурсы, — сказаў прэм’ер. — Гэта значыць, што падыходы, якія сёння ёсць на павышэнне цэн, у бліжэйшай перспектыве павінны вярнуцца на свае месцы».

Цяпер вядзецца праверка ўсіх рынкаў краіны, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. «Мы павінны зрабіць усё, каб цэны былі абгрунтаваныя», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

«З 1 студзеня бягучага года планавалася адысці ад рэгулявання цэн, пакінуць толькі карзіну сацыяльных тавараў, якія ўплываюць найбольш актыўна на пакупную здольнасць, — растлумачыў кіраўнік урада. — Але пакуль што гэта не атрымліваецца». Калі пасля праведзеных у студзені праверак сітуацыя не зменіцца, будуць прыняты «самыя жорсткія меры аж да пазбаўлення ліцэнзій, і больш такіх фактаў неабгрунтаванага павышэння цэн быць не павінна», дадаў прэм’ер‑міністр.‑

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?