Я стаю тут, адчуваючы сваю нязначнасьць перад вялізнай задачай, якая стаіць перад намі, удзячны за давер, якім вы мяне надзялілі, не забываючыся пра ахвяры прынесеныя нашымі продкамі.
Я дзякую прэзыдэнту Бушу за яго службу нашай краіне, а таксама за яго шчодрасьць і супрацоўніцтва, якія ён выявіў у гэты пераходны пэрыяд.

Дагэтуль прэзыдэнцкую прысягу прынялі сорак чатыры амэрыканцы. Яе словы прамаўляліся падчас прыліваў росквіту і зацішша мірных часоў. Але нярэдка прысяга прымалася ў часы, калі зьбіраліся хмары і лютавалі буры. У такія моманты Амэрыка выстаяла ня толькі дзякуючы здатнасьці або празорлівасьці яе вышэйшага кіраўніцтва, а таму, што Мы, Народ, засталіся верныя ідэалам нашых папярэднікаў, верныя нашым фундамэнтальным дакумэнтам.

Так было дагэтуль. Так будзе і пры цяперашнім пакаленьні амэрыканцаў.

Тое, што мы знаходзімся пасярод крызісу – цяпер добра вядома. Наша краіна вядзе вайну супраць шырокай сеткі гвалту і нянавісьці. Наша эканоміка сур’ёзна аслаблена ў выніку сквапнасьці і безадказнасьці некаторых, а таксама з‑за няздольнасьці нас усіх зрабіць цяжкі выбар і падрыхтаваць краіну да новай эпохі. Прападаюць дамы, страчваюцца працоўныя месцы, разбураецца бізнэс. Наша сыстэма аховы здароўя занадта дарагая, шмат чаго не хапае нашым школам, і кожны дзень прыносіць новыя сьведчаньні таго, што

тое, як мы спажываем энэргію, узмацняе нашых супраціўнікаў і пагражае нашай плянэце.

Гэта – паказьнікі крызісу, якія вымяраюцца статыстычнымі дадзенымі. Менш падлеглае вымярэньню, але ня менш глыбокае – аслабленьне даверу па ўсёй нашай краіне – пакутлівы страх, што заняпад Амэрыкі непазьбежны і што наступнае пакаленьне будзе вымушана жыць апусьціўшы вочы.

Сёньня я кажу вам, што праблемы, якія стаяць перад намі, рэальныя. Яны сур’ёзныя і іх шмат. Вырашыць іх будзе ня лёгка, і вырашацца яны ня хутка. Але ведай, Амэрыка – яны будуць вырашаныя.

У гэты дзень мы сабраліся, бо паставілі надзею вышэй за страх, адзінства мэты – вышэй за канфлікт і нязгоду.

У гэты дзень мы прыйшлі абвясьціць канец дробязным нараканьням і фальшывым абяцанкам, узаемным папрокам і састарэлым догмам, якія занадта доўга душылі наша палітычнае жыцьцё.

Мы застаемся маладой краінай, але, кажучы словамі Сьвятога Пісаньня, настаў час адкласьці ўбок дзіцячыя рэчы.
Настаў час зноў сьцьвердзіць наш неаслабны дух, абраць сабе лепшую гісторыю, пранесьці наперад той неацэнны дар, тую высакародную ідэю, якая перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне: дадзенае Богам абяцаньне, што ўсе людзі роўныя, усе свабодныя і ўсе заслугоўваюць шанец на пошукі паўнацэннага шчасьця.

Пацьвярджаючы веліч нашай краіны, мы разумеем, што

веліч – гэта ня дар. Яе трэба заслужыць.
На нашым шляху мы ніколі не шукалі карацейшых сьцежак і не задавольваліся малым. Гэты шлях быў не для маладушных – для тых, для каго забава важнейшая за працу, для тых, хто шукае задавальненьня ў багацьці і славе. Не, гэта былі актыўныя, стваральныя людзі, якія не баяліся рызыкаваць – нехта зь іх стаў вядомы, але збольшага гэта былі незаўважныя працавітыя мужчыны і жанчыны – хто вывеў нас даўгім і небясьпечным шляхам да росквіту і свабоды.

Дзеля нас яны пакавалі свае сьціплыя нажыткі і падарожнічалі праз акіяны ў пошуках новага жыцьця.

Дзеля нас яны гарбаціліся і лілі свой пот, засяляючы Дзікі Захад, цярпелі бізуны і аралі цвёрды дзірван.

Дзеля нас яны змагаліся і паміралі ў Конкардзе і Гетысбургу, у Нармандыі і ў Кхесане.

Зноў і зноў гэтыя мужчыны і жанчыны змагаліся і ахвяравалі сабой, іх рукі грубелі ад працы, каб мы маглі жыць лепей. Для іх Амэрыка была нечым большым, чым сума нашых індывідуальных амбіцыяў, большым, чым усе розьніцы ў паходжаньні, у багацьці або групавой прыналежнасьці.

Гэты шлях мы працягваем і сёньня. Мы — па ранейшаму самая квітнеючая ды магутная краіна ў Сьвеце. Нашы рабочыя ніяк ня менш прадуктыўныя, чым да пачатку крызісу. Нашы думкі ня менш вынаходлівыя, нашы прадукты і паслугі – ня менш запатрабаваная, чым тыдзень, месяц або год таму. Нашы магчымасьці ня зьменшыліся. Але час таптаньня на месцы, абароны інтарэсаў вузкіх колаў і адкладу непрыемных рашэньняў — гэты час бясспрэчна мінуў. Ад сёньняшняга дня мы павінны сабрацца зь сіламі, абтрэсьці зь сябе пыл і пачаць наноў працу дзеля перабудовы Амэрыкі.

Бо куды б мы ні паглядзелі – паўсюль ёсьць што рабіць. Стан нашай эканомікі заклікае да рашучых і неадкладных дзеяньняў, і мы будзем дзейнічаць – ня толькі, каб стварыць новыя працоўныя месцы, але і каб закласьці новы падмурак для росту. Мы збудуем дарогі і масты, электрычныя сеткі і дыгітальныя лініі, якія будуць сілкаваць нашу камэрцыю і злучаць нас між сабою. Мы вернем навуцы належнае ёй месца і авалодаем тэхналягічнымі цудамі, каб узьняць узровень аховы здароўя і зьнізіць яго кошты. Мы ўтаймуем энэргію сонца, вятроў і глебы, каб рухаліся нашы аўтамабілі і працавалі нашы заводы. І мы перастворым нашы школы, коледжы і ўнівэрсытэты так, каб яны адпавядалі патрабаваньнем новай эпохі. Усё гэта мы можам. І ўсё гэта мы зробім.

Вось жа, некаторыя ставяць пад сумнеў абсяг нашых амбіцыяў – яны кажуць, што наша сыстэма ня вынесе так шмат вялікіх плянаў. У іх кароткая памяць. Бо яны забыліся, што ўжо зрабіла гэтая краіна, чаго могуць дасягнуць свабодныя мужчыны і жанчыны, калі спалучыць уяўленьне з агульнасьцю мэты, неабходнасьць з адвагай.

Цынікі не разумеюць, што глеба пад імі зрушылася – што зацяганыя палітычныя аргумэнты, якія так доўга нас зьнясільвалі, больш ня маюць вагі. Пытаньне сёньня ня ў тым, ці наш урад завялікі або замалы, але ці ён дзейсны – ці ён дапамагае сем’ям знайсьці працу з прыстойным заробкам, забясьпечыць мэдычны дагляд, які яны могуць аплаціць, годную пэнсію. Калі адказ станоўчы – мы маем намер рухацца далей. Калі адказ адмоўны – гэтыя праграмы спыняцца. А тыя з нас, хто распараджаецца дзяржаўнымі грашмі, будуць пастаўленыя пад кантроль — каб трацілі грошы разумна, выправілі дрэнныя звычкі і вялі нашы справы пры дзённым сьвятле — бо толькі тады мы можам аднавіць жыцьцёва важны давер народу да яго ўраду.

Пытаньне таксама ня ў тым, ці рынак — гэта добрая ці злая сіла. Яго здольнасьць ствараць багацьце і пашыраць прастору свабоды ня мае сабе роўных, але гэты крызіс прыгадаў нам, што бязь пільнага вока рынак можа вырвацца з‑пад кантролю
і што краіна ня можа доўга цешыцца заможнасьцю, калі аддае перавагу толькі заможным. Посьпех нашай эканомікі залежаў заўсёды не ад велічыні нашага валавога прадукту, а ад абсягаў нашага дабрабыту; ад нашай здольнасьці даць магчымасьці кожнаму ахвотнаму — ня з ласкі, але таму, што гэта самы надзейны шлях да нашага агульнага дабра.

Што да нашай агульнай лініі абароны, дык мы адкідаем фальшывы выбар паміж нашай бясьпекай і нашымі ідэаламі. Нашы Бацькі‑заснавальнікі, стоячы перад пагрозамі, якія сёньня цяжка сабе ўявіць, склалі хартыю, каб забясьпечыць вяршэнства закону і правы чалавека, хартыю, якая пашыралася крывёй наступных пакаленьняў. Гэтыя ідэалы надалей асьвятляюць шлях сьвету, і мы не адмовімся ад іх дзеля асабістай выгоды. Таму я кажу ўсім іншым народам і ўрадам, якія глядзяць на нас сёньня, ад найбуйнейшых сталіцаў да малой вёсачкі, у якой нарадзіўся мой бацька: Ведайце, што Амэрыка зьяўляецца сябрам кожнага народу і кожнага чалавека, жанчыны і дзіцяці, якія імкнуцца да мірнай і годнай будучыні, і што мы гатовыя зноў павесьці вас за сабою.

Прыгадайце, як папярэднія пакаленьні змагаліся з фашызмам і камунізмам ня толькі ракетамі і танкамі, але і трывалымі хаўрусамі ды непахіснымі перакананьнямі. Яны разумелі, што толькі адна наша сіла нас не абароніць, і што яна не дае нам права рабіць усё, што нам зажадаецца. Яны ведалі, што наша сіла ўзрастае, калі разумна ёю карыстацца;

наша бясьпека грунтуецца на справядлівасьці нашай справы, сіле нашага прыкладу, зацятай пакорлівасьці і стрыманасьці.

Мы – захавальнікі гэтай спадчыны. Зноў кіруючыся гэтымі прынцыпамі, мы можам супрацьстаяць тым новым пагрозам, якія патрабуюць яшчэ больш намаганьняў – яшчэ большага ўзаемадзеяньня і разуменьня паміж народамі. Мы пачнем з належнай адказнасьцю перадаваць кантроль над Іракам ягонаму народу і наладжваць здабыты цяжкімі намаганьнямі мір у Афганістане. З старымі сябрамі і былымі непрыяцелямі мы будзем нястомна працаваць над тым, каб зьменшыць ядзерную пагрозу і стрымаць прывід глябальнага пацяпленьня.

Мы ня будзем выбачацца за наш лад жыцьця, ня будзем і вагацца, баронячы яго,
а тым, хто шукае дасягненьня сваіх мэтаў распальваючы тэрор і забіваючы невінаватых, мы кажам:
наш дух мацнейшы і вы яго ня зломіце, вы нас не адолееце, і мы вас пераможам.

Бо мы ведаем, што нашая стракатая спадчына — гэта наша сіла, а ня слабасьць. Мы — нацыя хрысьціянаў, мусульманаў, юдэяў і індуістаў, а таксама атэістаў. Нас сфармавалі самыя розныя мовы і культуры, узятыя з кожнага кутка зямлі; і менавіта таму што мы скаштавалі горкі напой грамадзянскай вайны і расавага падзелу, але выйшлі зь цёмных часоў мацнейшымі і яшчэ больш аб’яднанымі, чым раней, мы ня можам ня верыць, што старая нянавісьць некалі сыйдзе ў нябыт; што племянныя падзелы неўзабаве зьнікнуць; што чым меншым становіцца наш сьвет, тым больш будзе выяўляцца нашая агульначалавечая аснова; і што Амэрыка павінна адыграць сваю ролю пры ўступленьні чалавецтва ў новую эру міру.

Мы кажам мусульманскаму сьвету: мы шукаем новага шляху наперад, які будзе грунтавацца на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай павазе. Тым лідэрам, якія імкнуцца пасеяць канфлікт або зьвінаваціць Захад у бедах іх грамадзтваў: ведайце, што вашы народы будуць судзіць вас паводле таго, што вы можаце збудаваць, а не таго, што вы можаце зьнішчыць.

Тым, хто чапляецца за ўладу праз карупцыю, падман і здушэньне голасу нязгодных: ведайце, што вы абралі памылковы бок гісторыі, але мы працягнем вам руку, калі вы гатовыя расьціснуць ваш кулак.

Народам бедных краінаў: мы абяцаем працаваць поплеч з вам, каб вашы фармы квітнелі і каб у вас цяклі чыстыя воды, каб накарміць зьняможаныя целы і наталіць згаладнелы дух. І тым краінам, якія, як і мы, жывуць у адносным дастатку, мы кажам, што мы больш ня можам сабе дазволіць быць абыякавымі да пакутаў па‑за нашымі межамі і ня можам спажываць рэсурсы плянэты без увагі на вынікі. Бо

сьвет мяняецца, і мы мусім мяняцца разам зь ім.

Узіраючыся ў шлях, які распасьціраецца перад намі, мы з пакорлівай удзячнасьцю памятаем пра тых мужных амэрыканцаў, якія ў гэты самы час патрулююць далёкія пустыні і адлеглыя горы. Ім ёсьць што сказаць нам сёньня, гэтаксама як загіблым героям, якія спачываюць на Арлінгтанскіх могілках і шэпчуць да нас празь вякі. Мы шануем іх ня толькі за тое што яны – вартавыя нашай свабоды, але таксама таму што яны ўвасабляюць дух служэньня; гатовасьць знаходзіць сэнс у нечым большым, чым уласныя інтарэсы. І менавіта ў гэты момант – момант які адзначыць сабою цэлае пакаленьне – мы ўсе павінны прасякнуцца гэтым духам.

Бо колькі б ні мог ці ні мусіў зрабіць урад, наша краіна перадусім пакладаецца на веру і рашучасьць амэрыканскага народу. Спагада да незнаёмца, які шукае ў вас прыстанку, калі ля яго дома прарвала дамбу, самаадданасьць рабочых, якія хутчэй згодзяцца на скарачэньне сваіх працоўных гадзінаў, чым дапусьцяць звальненьне сябра – менавіта гэтыя якасьці правядуць нас праз нашыя самыя цяжкія часіны.

Мужнасьць пажарніка, які кідаецца ў пад’езд запоўнены дымам, або гатовасьць бацькоў выхоўваць сваіх дзяцей – гэта тыя справы, якія ўрэшце вырашаюць наш лёс.

Праблемы якія стаяць перад намі могуць быць новымі. Сродкі, якімі мы іх вырашаем, могуць быць новымі. Але каштоўнасьці, ад якіх залежыць наш посьпех – цяжкая праца і шчырасьць, сьмеласьць і сумленнасьць, цярпімасьць і цікаўнасьць, вернасьць і патрыятызм – гэтыя рэчы спрадвечныя. Гэтыя рэчы – сапраўдныя. Менавіта яны на працягу ўсёй гісторыі былі нябачнай сілай прагрэсу. Нам неабходна вярнуцца да гэтых ісьцінаў.

Ад нас патрабуецца ўвайсьці ў новую эпоху адказнасьці.
Кожны амэрыканец, павінен усьвядоміць што ў нас ёсьць абавязкі перад сабой, краінай і ўсім сьветам. Абавязкі, за якія мы з радасьцью бярэмся, а не ўспрымаем як нежаданы цяжар. Мы прымаем іх зь цьвёрдым веданьнем таго, што
нічога не прыносіць такой духоўнай асалоды, як самаадданае выкананьне складаных задачаў. І менавіта гэта вызначае наш характар.

Гэта і значыць – быць грамадзянінам.

У гэтым крыніца нашай упэўненасьці – ва ўсьведамленьні таго, што

Бог заклікае нас надаць абрысы цьмянаму і непрадказальнаму лёсу.

У гэтым значэньне нашай свабоды і наша крэда.

Менавіта таму жанчыны, мужчыны і дзеці ўсіх расаў і рэлігіяў могуць супольна сьвяткаваць у гэтай цудоўнай алеі. І менавіта таму, чалавек чыйго бацьку нейкіх 60 гадоў таму напэўна не абслужылі б у мясцовым рэстаране, мае магчымасьць стаяць перад вамі прыносячы гэтую сьвятую прысягу.

Дык давайце адзначым гэты дзень, згадаўшы пра тое, хто мы ёсьць і колькі мы прайшлі. У год нараджэньня Амэрыкі, у найхаладнейшы зь месяцаў, маленькая жменька патрыётаў курчылася ад сьцюжы ля прыгаслых вогнішчаў на берагох зьледзянелай ракі. Сталіца была пакінутая. Вораг набліжаўся. Сьнег быў змяшаны з крывёю. І ў той момант, калі вынік нашай рэвалюцыі быў пад найбольшым сумневам, бацька нашай нацыі загадаў, каб людзям былі зачытаныя вось гэтыя радкі:

«Хай будзе сказана да ведама будучага сьвету ... што пасярод зімы, калі выжыць маглі толькі надзея і годнасьць ... гарады і вёскі, узьнятыя сыгналам аб агульнай небясьпецы, выйшлі ёй насустрач».

Амэрыка. Перад абліччам агульнай небясьпекі, у гэтую зіму нашых нягодаў, давайце прыгадаем тыя непадуладныя часу словы. З надзеяй і мужнасьцю давайце яшчэ раз кінем выклік ледзяным плыням і стрываем усе буры, якія сустрэнем у дарозе.

Каб дзеці нашых дзяцей казалі, што ў часіну нашага выпрабаваньня мы не пабаяліся працягваць наша падарожжа, што мы не павярнулі назад і не спатыкнуліся, а з позіркам скіраваным на далягляд і з Божай ласкай, мы панесьлі далей гэты велічны дар свабоды і шчасьліва перадалі яго будучым пакаленьням.

Прамова на відэа - першая частка:

Другая частка:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?