Рака Валожынка змяніла колер, яе вада засмярдзела. Гэта выклікала трывогу ў мясцовых жыхароў, паведамляе АНТ.

Рака раптоўна набыла малочнае адценне, прыбярэжная трава пакрылася жоўтай плёнкай. Камунальнікі выявілі праблему, але занадта позна.

Як высветлілі спецыялісты, прычынай экалагічнага здарэння стала аварыя на помпавай станцыі. Адкіды трапілі ў раку без усялякай ачысткі праз аварыйны скід.

Пад пагрозай забруджання апынулася не толькі Валожынка. Маленькая рэчка ўпадае ў Іслач, а тая, у сваю чаргу, нясе свае воды ў Нёман.

Помпавая станцыя, з якой злілі камунальныя адкіды, цяпер дзеліць Валожынку напалову. Да месца аварыі вада чыстая, а ніжэй — каламутная, з нязвыклым для гэтых месцаў непрыемным пахам. Эколагі ўзялі пробы з розных участкаў ракі. Вынік даследавання паказаў, што гранічна дапушчальныя нормы забруджвальных рэчываў ніжэй па плыні перавышаныя ў некалькі разоў.

Штраф Валожынскаму камунальнаму прадпрыемству ўжо выстаўлены. Шкоду прыродзе інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя ацаніла ў 33 тысячы рублёў.

Узровень забруджання ракі афіцыйна пакуль не названы. Магчыма, ён стане вядомы пасля паўторнага даследавання пробаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0