Галоўны архітэктар сталіцы Аляксей Мартынаў пакінуў сваю пасаду, прабыўшы на ёй каля месяца. Пра гэта распавялі ў Мінгарвыканкаме, піша Tut.by.
Былога намесніка дырэктара «Мінскрэклама» Аляксея Мартынава прызначылі галоўным архітэктарам сталіцы ў пачатку мая. Але ўчора, 31 мая, у яго быў апошні працоўны дзень, распавялі ў Мінгарвыканкаме.
Паводле інфармацыі TUT.BY, ён пакінуў пасаду па ўзгадненні бакоў. Ініцыятыва спыніць працоўныя адносіны зыходзіла не ад наймальніка.
Адзначым, што да гэтага Мартынаў ужо працаваў у розных пасадах у камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, дзе дарос да пасады першага намесніка. Але ў 2011 годзе яго адправілі ў адстаўку разам з тагачасным галоўным архітэктарам сталіцы Віктарам Нікіціным.
Папярэдняга ж галоўнага архітэктара Мінска Паўла Лучыновіча 16 сакавіка затрымалі па падазрэнні ў атрыманні хабару.





