Памерла ад раку Алёна Лапацкая, настаўніца Лужкаўскай сярэдняй школы і старшыня Шаркаўшчынскай раённай суполкі Таварыства беларускай мовы, піша Кастусь Шыталь. Ёй было 37 год.

Алёна была адданая сваёй прафесіі і выхаванню маладога пакалення. І яна старалася, каб гэтае маладое пакаленне, вясковыя і местачковыя дзеці, выраслі беларусамі. Яна старалася прывіваць ім любоў да Беларусі, беларускай культуры і да свайго роднага мястэчка.

Спадарыня Лапацкая перакладала на беларускую мову мультфільмы, якія агучвалі яе вучні, збірала дзяцей на прыборку старога вадзянога млына, ладзіла на вуліцах Лужак апытанне да Дня роднай мовы. Пад яе ўплывам многія вучні пачыналі пісаць у сацсетках па-беларуску.

Алёна Лапацкая ўдзельнічала ў культурніцкіх імпрэзах, якія ладзіліся незалежнай грамадзянскай супольнасцю ў Германавічах і Шаркаўшчыне. Дапамагала ў падрыхтоўцы і правядзенні гэтых імпрэзаў, не зважаючы на тое, што мясцовае чынавенства глядзіць коса на такую актыўнасць.

Алёна была вельмі добрым, светлым чалавекам. Падтрымлівала, падбадзёрвала людзей добрым словам. Нават у цяжкай хваробе яна не страціла гэтай добразычлівасці.

Яна была адной з сотняў беларускіх настаўнікаў, якія не даюць нашаму грамадству здзічэць і забыцца на свае карані. І яна гэтую сваю ролю і пакліканне выканала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0