Экс першая лэдзі ЗША, сенатар‑дэмакрат ад штата Нью‑Ёрк Хілары Клінтан стала дзяржсакратаром ЗША (кіраўнік Дзярждэпартамента).
У выніку галасавання ў сенаце за яе кандыдатуру прагаласавалі 94 дэпутаты, супраць толькі два.
Падчас сенацкіх слуханняў Хілары Клінтан заявіла, што новая амерыканская адміністрацыя ў замежнай палітыцы будзе рабіць стаўку больш на дыпламатыю, чым на ўжыванне ваеннай сілы, паведаміла Еўраньюс
У 1990‑я гады Хілары Клінтан — як і тагачасны прэзідэнт Біл Клінтан — шмат кантактавалі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары: Беларуска‑амерыканскага задзіночання (БАЗА) і Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (БККА).
Напэўна, гэта было самае плённае супрацоўніцтва беларусаў з усіх амерыканскіх прэзідэнтаў. У кіраўніка БККА Расціслава Завістовіча і Біла Клінтана наогул завязаліся прыяцельскія стасункі.
Спадарыня Клінтан была гаспадыняй у Белым Доме ды прымала беларускія дэлегацыі. Таму добра ведае і пра спаўзанне Беларусі да аўтарытарызму ў 1995 г. і пра збіты паветраны шар — Расціслаў Завістовіч выбачаўся за гэта перад Білам Клінтанам, і пра Чарнобыльскую бяду.
Падчас прыняцця ў Белым доме. Злева направа: Віталь Цярпіцкі, старшыня БККА Расціслаў Завістовіч,
рэдактар часопіса «Беларуская думка» (Саўт-Рывер) Жорж Навумчык, Ніна і Алекс Сільвановічы,
Хілары Клінтан, Міхась Сенька, Ірэна Цярпіцкая.
Хілары Клінтан вітае старшыню БККА Расціслава Завістовіча з нагоды 10-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы.