Было гэта гадоў з 30 таму. Мiколу, простаму вясковаму мужыку, на нейкае свята падарылi падцяжкi. Паглядзеў ён на iх, пакруцiў у руках, а што з iмi рабiць — не ведае. «Дарыльшчыкi» тут як тут — з дзядзькавых портак дзяжку выцягнулi, нейкiмi блiскучымi прышчэпкамi iх падхапiлi, перакiнулi шлейкi праз плечы — гатова, маўляў.

— Цi зручна? — пытаюць.

А дзядзька ведаў, як падарункi прымаць.

— Кажа, чаму ж не, людцы! Файная рэч! І прыгожая. Я даўно такую хацеў. Трэба замачыць…

Пасядзелi, як водзiцца, за сталом, добра‑такi выпiлi, пайшлi гуляць.

Мiкола, наогул, мужык здаровы, але ж тут яго страўнiк бурчаць нешта стаў. «Мусiць, нядобрае нештачкi з’еў? — здагадаўся дзядзька. — Цяпер дадому б паспець». I даўся, але небяспека нарастала з касмiчнай хуткасцю.

Карацей, не вытрываў ён — сiгануў у кусты пры дарозе.

I якое ж там меў здзiўленне: ён нагавiцы ўнiз спускае, а яны, самi (!), як на спружынах, уверх падымаюцца. «Гэта — падцяжкi», — з трэцяй спробы дайшло да дзядзькi. — Гады… Пачапiць пачапiлi, а што далей рабiць?!

У iншым выпадку дзядзька (не дурны ён быў!) скемiў бы сам, тут — часу не было. Прычым — ка‑та‑страфiчна.

Iдэя ўзнiкла — з дарогi згледзеў, што ў блiжэйшым двары кабета сядзiць, абiрае бульбу. Мiкола, з кустоў (ну не раўнуючы, як чорт з табакеркi) — да яе. I за нож, нiчога не кажучы (бо зубы ж сцiснутыя… Ад напружання…). З рук яго вырваў — i зноў у кусты.

А кабета ж спужалася, угледзела, што чалавек нападпiтку i ў крык:

— А матачкi, а што ж то робiцца! Ратуйце, людцы добрыя! Рэзацца пабег…

Аднак праз хвiлю‑другую Мiкола паўстаў перад ёй жывым, здаровым i шчаслiвым — ну быццам з Богам павiтаўшыся:

— Цiхоце, цётко, от ваш нож. Мне адно гэтыя шлейкi трэ было адрэзаць. Падарылi во… Лiха…

Падарунак (сапсаваны) чатырма сумнымi канцамi матляўся ля ног, але Мiколу гэта па барабану было.

Анатоль Трафімчык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0