Ва Украіну вярнуўся Міхаіл Саакашвілі, які вырашыў са сваёй партыяй ісці на парламенцкія выбары. І зноў ён на кожным кроку распавядае, якія суперрэформы правёў у Грузіі. Я ў Грузіі быў толькі 2 разы, і толькі ў Тбілісі, але маё вельмі павярхоўнае ўражанне было такое, што поспех гэтых рэформ крыху перабольшаны, мякка кажучы.

1. З пазітыўнага. Сапраўды, у Грузіі знішчылі нізавую карупцыю, рэфармавалі праваахоўную сістэму, абламалі крылы арганізаванай злачыннасці. Мясцовыя кажуць, што ў 90-ыя нават у Тбілісі тыднямі магло не быць электрычнасці, а выходзіць за межы гатэля, дзе мы жылі, раней замежнікам катэгарычна не рэкамендавалі. Таксама ўдалося спрасціць адміністратыўныя працэдуры вядзення бізнэсу і г.д..

2. З негатыўнага, на што людзі не звяртаюць увагу. Грузія застаецца беднай краінай, бяднейшай за Беларусь і Украіну. Нармальныя заробкі толькі ў чыноўнікаў, паліцэйскіх і некаторых дактароў. Тбілісі гэта горад з заробкамі як у Шаркаўшчыне ці Мсціславе, а з цэнамі, як у Вільні ці Рызе. Нават грузінскае віно ў Тбілісі не такое ўжо і таннае (як можна знайсці ў Францыі ці Італіі). Высокае беспрацоўе, шмат людзей, якія вымушаны працаваць за мяжой, мізэрныя пенсіі… Для мяне часам было загадкай, як людзі з такім узроўнем даходаў і такімі цэнамі (Тбілісі на фоне Мінска дарагі горад) могуць выжыць. Інфраструктура можа крыху і палепшылася з 90-ых, але такое адчуванне, што ў большасці тбіліскіх двароў з 1980-ых увогуле не было ніякіх ЖЭСаў і ніхто ніякіх рамонтаў не рабіў. Часам гэтая занядбанасць выглядае цікава і жыва, але ў большасці выпадкаў жахліва. А поспехі ў барацьбе з крыміналам і карупцыяй у Грузіі вельмі часта забяспечваліся сілавымі метадамі (у прынцыпе, як і ў Беларусі, у сярэдзіне 90-ых).

Карацей, Грузія мяне не ўразіла, нават як турыста. А вас?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?