Піша Аляксандр Мілінкевіч.

З непакоем даведаўся пра намер распачаць «рэканструкцыю» Каложскай царквы ў Гродне. Сам тэрмін страшыць, бо гэты

ўнікальны помнік сакральнай архітэктуры патрабуе не «перабудовы», а навуковай рэстаўрацыі.
Добра, што гарадзенскія ўлады разумеюць: Каложа – адзін з найбольш унікальных турыстычных аб’ектаў гістарычнай спадчыны Беларусі – патрабуе тэрміновай увагі. Недапушчальна тое, што праект не быў публічна абмеркаваны і абсалютна не адпавядае тэндэнцыям сучаснай еўрапейскай традыцыі рэстаўрацыі помнікаў такога ўзроўню.

На пачатку 90‑х гадоў мінулага стагоддзя ў Гродзенскім гарвыканкаме мы сур’езна працавалі над канцэпцыяй адраджэння Каложскага храма. Праект ствараўся ў супрацоўніцтве з навукоўцамі і экспертамі з Францыі і Польшчы і быў падтрыманы ў той час ЮНЕСКО як адзін з найлепшых у Еўропе. Ў Гродна прыязджалі спецыялісты з Парыжу і Ліможу. Яны падкрэслівалі унікальнасць архітэктурнага стылю царквы, яе значэнне для гісторыі еўрапейскай культуры і

прапанавалі правесці толькі так званую «празрыстую» рэстаўрацыю. Гэта значыць аднавіць згубленую частку помніка з кантраснага матэрыялу — напрыклад, такога натуральнага для Беларусі, як дрэва. Паводле сучасных падыходаў навуковай рэстаўрацыі, у такіх выпадках як з Каложай новае дабудаванае павінна лёгка адрознівацца ад старажытнага па колеры, па структуры нават для вока звычайнага турыста.
На думку еўрапейскіх экспертаў, нельга спрабаваць аднавіць неіснуючую частку храму ХІІ стагоддзя з сучасных матэрыялаў, якія імітуюць арыгінальныя гістарычныя, бо гэта знішчыць яго ўнікальнасць назаўсёды.

Лічу неабходным адмовіцца ад ідэі «рэканструкцыі» Каложскай царквы і зрабіць шырокае навуковае і грамадскае абмеркаванне канцэпцыі рэстаўрацыі згодна з сучаснай еўрапейскай традыцыяй. Паколькі ў нашай краіне няма сваёй школы рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, пры рэалізацыі будучага праекту варта запрасіць у якасці кансультантаў адмыслоўцаў з краінаў Еўразвязу, перш за ўсё з Польшчы і Літвы. Шчыра прапаную сваю дапамогу ў гэтай добрай справе.

* * *

Аляксандр Мілінкевіч — старшыня Руху за Свабоду, былы кандыдат у прэзідэнты.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0