Дзвюм актывісткам Pussy Riot, якія выбягалі на поле падчас фінала чэмпіяната свету, забаранілі ўезд у Беларусь — яны ляцелі ў Кіеў транзітам цераз Мінск.
У гэтай гісторыі звяртае на сябе ўвагу, што ў пашпарце актывістак стаіць беларускі штамп «Запрещён», хоць раней пры падобных абставінах у інтэрнэце ўсплывалі фота са штампам «Забаронена».
Чым выклікана змена мовы? Пра гэта «Наша Ніва» спыталася ў прэс-сакратара Пагранічнага камітэта Антона Бычкоўскага.
«На нашай граніцы штампы аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусь існуюць у двух варыянтах: па-беларуску і па-руску. Яны з некаторымі адрозненнямі, але выкарыстоўваюцца нароўні. Гэта вызначана ў адпаведнай пастанове 2009 года. Таму такая практыка не новая», — патлумачыў Бычкоўскі.
Тое, як гэта адбываецца на практыцы, «Нашай Ніве» расказалі пагранічнікі, якія непасрэдна і ставяць такія штампы.
«Сапраўды, ёсць і такі, і такі штамп. Розніца ў тым, што штамп на нацыянальнай мове ставіцца тым, хто ўязджае ў Беларусь і не прапускаецца далей. Штамп на другой дзяржаўнай мове ставіцца тым, хто ў краіну ўжо трапіў, але будзе дэпартаваны», — патлумачылі нам работнікі ведамства.





