IBA IT Park пяць гадоў працуе над тэхналогіяй аплаты карткамі ў транспарце. Вадзім Сматраеў, дырэктар тэхнічнага аддзялення кампаніі, распавёў у інтэрв'ю dev.by пра асаблівасці гэтай сістэмы.

Фота dev.by.

Фота dev.by.

Калі ў мяне ў кашальку дзве карткі: праязны, банкаўская, любыя іх спалучэнні — з якой спішацца паездка?

На гэтае пытанне ніхто адназначна не адкажа. Мы гаворым пра фізічныя працэсы. Ёсць рыдар — ён жа валідатар — ён выпраменьвае хвалю. Ёсць картка — пасіўная прылада. Калі картка трапляе ў хвалю — з'яўляецца ток, картка пачынае працаваць. Якая картка адрэагуе, залежыць ад многіх фактараў: ад таўшчыні кашалька, ад таго, з якога боку ляжаць карткі, ці няма фольгі альбо іншых праслоек, ад якасці чыпа і антэны. У розных банкаў розныя карткі: розныя вытворцы, розныя чыпы, розныя антэны. Таму нельга сказаць, з якой карткі спішацца аплата. Тая, якая першай адгукнецца, — тая і «пераможа».

У бескантактавых тэхналогіях ёсць такі працэс: антыкалізія. Вось гэта і ёсць той механізм, які дазваляе выбраць адну картку, калі ў электрамагнітнае поле трапляюць адначасова некалькі. Але гэта ў лабараторных умовах, «у вакууме». Калі карткі ў вас у кашальку, то антыкалізія можа і не спрацаваць: напрыклад, адна картка ляжыць за сантыметр ад вокладкі, а другая —за пяць сантыметраў, — сігнал проста можа не дайсці.

Паводле правілаў плацежных сістэм, калі ў полі апынуліся дзве карткі, — то рыдар не павінен прымаць ніводную з іх.

Спрацуе антыкалізія, з'явіцца надпіс «адмова» ці аналагічная. З банкаўскай карткай мы можам працаваць толькі тады, калі дакладна разумеем, што ў поле яна адна. І пакуль картка не выйдзе з поля, ніякая іншая картка ў аплаце ўдзельнічаць не будзе. Але калі ў вас у кашальку некалькі карт, а ў руках, да прыкладу, лёгкія дрыжыкі, — то аплата можа быць паслядоўна спісана і два разы: гэта будзе расцэнена як «прыклаў картку — прыбраў — зноў прыклаў».

З транспартнай карткай сітуацыя іншая, бо чып у ёй больш просты, і карта можа спрацаваць хутчэй, чым банкаўская, хоць правілы антыкалізіі распаўсюджваюцца і на яе. І калі ў нас дзве карткі — праязны і банкаўская — то ў такім выпадку акурат пачынаюць дзейнічаць сіла хвалі, хуткасць спрацоўвання карткі і гэтак далей. Так што калі хочаце пагуляць у рулетку, прыкладвайце кашалёк з некалькімі карткамі.

І ў нас, і ў Лондане, і паўсюль у правілах напісана: паважаныя пасажыры, перад аплатай падрыхтуйце тую картку, якой хочаце аплаціць праезд. Тое самае тычыцца і сітуацый, калі ў вас у кашальку ляжаць некалькі праязных.

Чаму транзакцыі аб'ядноўваюцца і грошы з карткі спісваюцца раз на тры дні? 

Ёсць механізмы, якія дазваляюць кіраваць транзакцыйнай нагрузкай. Сістэма распрацоўваецца як масавая, і ў гадзіны пік гэтыя механізмы дазваляюць кіраваць нагрузкай, каб усе транзакцыі апрацоўваліся якасна. З іншага боку, банк ладзіць акцыі і ўладальнікам пэўных карт часам дазваляе праходзіць у метро бясплатна. Гэта значыць, працуе механізм зніжак.

Цяпер сістэма працуе так: агрэгуе альбо 3 паездкі, альбо паездкі на працягу 48 гадзін з моманту першага праходу. Такое абмежаванне — просьба нашага партнёра, БПС-Сбербанка.

Людзі, якія працуюць з банкаўскімі карткамі, ведаюць, што крытэрыі памеру камісіі — гэта кніжачка таўшчынёй з палец. У залежнасці ад банка, ад прадукту, — гэтая тарыфікацыя вельмі складаная. Так што гэтае пытанне трэба задаць банку, які разлічвае свой адсотак эквайрынгу: як ён фарміруецца, колькі ён выдаткоўвае на аўтарызацыі. Але думаю, што не без гэтага: так выгадней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0