Калі б выбары ва Украіне адбыліся сёння, партыя прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага «Слуга народа» набрала б 48% галасоў. Усе іншыя партыі, якія праходзяць у Раду, разам сабралі б толькі 36%.

Такі вялікі адрыў партыі Зяленскага абяцае ёй добры вынік і ў мажарытарных акругах, дзе многія ўкраінцы традыцыйна галасуюць за багатых бізнэсоўцаў і мясцовых «моцных гаспадарнікаў». Магчыма, упершыню ў найноўшай гісторыі Украіны адна партыя атрымае абсалютную большасць месцаў у парламенце.

Калі суміраваць вынікі апытанняў чатырох самых аўтарытэтных украінскіх сацыялагічных службаў за чэрвень, то атрымліваем такую карціну (у працэнтах ад тых, хто вызначыўся, за каго будзе галасаваць).

Слуга народа (Зяленскі) 48
Апазіцыйная платформа — За жыццё (Бойка, Медвядчук, Рабіновіч) 12
Бацькаўшчына (Цімашэнка) 9
Еўрапейская салідарнасць (Парашэнка) 8
Голас (Вакарчук) 7

Трохі ніжэй за прахадны бар'ер — ён ва Украіне складае 5% —апынаецца партыя «Сіла і чэсць» экс-кіраўніка Службы бяспекі Украіны Ігара Смяшко.

Не трапляюць у парламент і нацыяналісты (Цягнібок, Бялецкі, Яраш), якія пасля доўгага перыяду драблення зноў згуртаваліся пад сцягамі аб'яднання «Свабода».

Упалі да парога статыстычнай памылкі і рэйтынгі партый няўдалых кандыдатаў у прэзідэнты Грыцэнкі і Садовага, яны называюцца «Грамадзянская пазіцыя» і «Самапомач».

Адносна ўпаў і рэйтынг партыі экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі «Еўрапейская салідарнасць». Яна змагаецца за той жа электарат, што і выбарчы спіс спевака Святаслава Вакарчука. Да Парашэнкі схіляюцца нацыянал-кансерватары, а да Вакарчука — нацыянал-лібералы. 

Прарасійская «Апазіцыйная платформа — За жыццё» можа разлічваць прыкладна на той жа працэнт галасоў, які атрымаў яе кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах Юрый Бойка.

Парламенцкія выбары ва Украіне маюць адбыцца 21 ліпеня. Вярхоўная Рада мае больш паўнамоцтваў за прэзідэнта.

Расія — ключавы гулец, здольны дэстабілізаваць сітуацыю на лініі фронту ў Данбасе, пакуль вычэквае. Абвастрэнне абстаноўкі на лініі судакранання, імаверна, мабілізавала б выбарцаў нацыяналістычных і нацыяльна-ліберальных партый.

Уладзімір Зяленскі і яго «Слуга народа» займаюць цэнтрысцкую пазіцыю ва ўкраінскім палітыкуме.

* * *

Удакладненне. У ранейшай версіі артыкула «Апазіцыйная платформа — За жыццё» памылкова была названая як «Апазіцыйны блок».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?