Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
У мінулую пятніцу на тусовачнай Кастрычніцкай паставілі намёты дзяржгандлю з таварамі лёгкай прамысловасці, а таксама фуд-зону з шашлыкамі і напоямі. Ужо на наступны дзень палаткі з адзеннем і сувенірамі часткова зніклі. Tut.by даведаўся ў арганізатара кірмаша, чаму часткова гандаль на гэтай вуліцы вырашылі звярнуць.
Арганізатарамі кірмашу былі КУП «Мінскзнешгандальінвест» разам з адміністрацыяй Ленінскага раёна.
Дырэктар «Мінскзнешгандальінвест» Марына Саевіч распавядае, што гандаль вырашылі арганізаваць да Еўрапейскіх гульняў і хацелі разрэкламаваць вуліцу кірмашом. Але на крытычную рэакцыю грамадскасці адрэагавалі аператыўна.
— Увечары ўжо ўсё прыбралі. Наогул не трэба было фатаграфаваць на стадыі расстаноўкі, мы ж самі ўбачылі, што палаткі не вельмі прыгожыя. На роўным месцы стварылі ажыятаж. Мы іх самі і сабралі, проста занадта хутка з'явіліся публікацыі ў інтэрнэце.
Марына Саевіч тлумачыць: рашэнне, што вуліца стане пешаходнай, арганізацыя атрымала толькі ў чацвер, а ў пятніцу кірмаш павінен быў пачаць працу.
— Прадпрыемствы не былі гатовыя так хутка закупіць прыгожыя палаткі. Мы ж ладзім выставы і за мяжой і ведаем, як гэта прыгожа зрабіць. Мы таксама арганізавалі сквер «Горад майстроў» насупраць «Дынама» — там вельмі выдатна.
Ад кірмашу на Кастрычніцкай да 30 чэрвеня застанецца толькі фуд-зона.
— Вакол «Дынама» фуд-кортаў бракавала. Каб стварыць адток людзей, бо чакалася больш турыстаў, паставілі палаткі з ежай на Кастрычніцкай вуліцы. І гэта толькі на 10 дзён. Мы ні ў якай меры не збіраемся забіраць чыесьці вяршкі, як мы чыталі. Наадварот, мы хацелі прыцягнуць сюды гасцей.
Саевіч кажа, што цяпер праходнасць на вуліцы не такая вялікая, як хацелася б.
— Гандаль стаіць. Таму хацелася б, каб госці прыходзілі на фуд-корт — там нядорага і вялікі выбар.