Але 14 лютага гурт усё ж дасць канцэрт у к/з «Мінск».

На пачатку новага году гурт «Стары Ольса» аказаўся пад пагрозай распаду: іх бубнача забралі ў войска, гусьляр заняўся ўласным праектам, флейтыстку пасылаюць на разьмеркаваньне, у лютніста нарадзілася дачка, а да ўсяго лідэр гурта моцна пацярпеў у вулічнай бойцы. Але, як заявіў саліст гурту Зьміцер Сасноўскі, яго каманда ўсё ж выстаяла пад ціскам праблемаў і рыхтуецца даць вялікі канцэрт на Дзень Сьвятога Валянціна ў канцэртнай залі «Мінск».

За 10 гадоў існаваньня з падобнымі цяжкасьцямі «Стары Ольса» сустрэўся ўпершыню, а тут раптам гурт апынуўся пад пагрозай распаду.

Па‑першае, у войска забралі бубнача гурту Сяргея Тапчэўскага, што апынулася вялікай нечаканасьцю — паўтара году таму хлопца вызвалілі ад службы.

Па‑другое, флейтыстку гурту Марыю Шарый разьмяркоўваюць па‑за сталіцу, хоць яна мае запрашэньне ад філярмоніі.

Гусьляр Алесь Чумакоў вырашыў аддаць свае сілы на студыю гуказапісу і сур’ёзна заняцца снукерам.

Лютніст гурту Ільля Кубліцкі цяпер шмат часу аддае сям’і, у яго нядаўна нарадзілася дачка.

Да ўсяго, сам Зьміцер Сасноўскі моцна пацярпеў у вулічнай бойцы, калі абараняў дзяўчыну, — у яго пашкоджаныя левая вока, сківіца і рука, так што музыка пакуль ня можа граць на дудзе: «Біліся з хвілін 20, — апавядае Зьміцер пра тую бойку. — Цяжка сказаць, хто каму наваляў. Зь вялікімі праблемамі і траўмамі нас разьнялі мясцовыя бандзюганы».

Цягам мінулага тыдня «Стары Ольса» вырашыў свае праблемы ды рыхтуецца да свайго вялікага канцэрту, што пройдзе ў канцэртнай залі «Мінск» 14 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?