Перад будынкам парлямэнта Грузіі ў Тбілісі аднавілася акцыя пратэсту. Ва ўдзельнікаў акцыі засталося адно галоўнае патрабаваньне — адстаўка кіраўніка МУС Грузіі Георгія Гахарыя, піша радыё «Свабода».

Як заяўляюць арганізатары, пакуль ня будзе выканана апошняе патрабаваньне, акцыі працягнуцца. 

Сёньня, 26 чэрвеня, ужо сёмы дзень пратэстнай акцыі каля будынка парлямэнта Грузіі.

Антырасейскія пратэсты працягваюцца ў Тбілісі з 20 чэрвеня. Яны выкліканыя тым, што дэпутат Дзярждумы РФ Сяргей Гаўрылаў, галава дэлегацыі Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, які падтрымлівае прызнаньне Масквой незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, заняў крэсла сьпікера грузінскага парлямэнту і зьвярнуўся да прысутных на расейскай мове.

20 чэрвеня пратэсты перарасьлі ў сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў (якіх усяго было каля 10 000) і разагнала акцыю. Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых, зь якіх 80 паліцэйскіх. Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманыя.

21 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім з 8 ліпеня ўводзіцца часовая забарона на пасажырскія авіязносіны з Грузіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0