Парламент Кыргызстана пазбавіў недатыкальнасці экс-прэзідэнта Алмазбека Атамбаева. Цяпер яму можа пагражаць крымінальны пераслед па абвінавачваннях у карупцыі, піша bbc.com.

Тыдзень таму дэпутаты перадалі ў пракуратуру пералік абвінавачванняў у адрас Атамбаева, частка з іх Генпракуратура падтрымала.

У выпадку, калі следства дакажа датычнасць Атамбаева да агучаных дэпутатамі абвінавачванняў, а суд прызнае яго вінаватым, яму можа пагражаць пажыццёвы тэрмін.

Атамбаеў узначальваў Кыргызстан ад 2011 да 2017 года.

У 2017 годзе Атамбаеў падтрымаў вылучэнне на пасаду прэзідэнта цяперашняга кіраўніка краіны Сааранбая Жээнбекава. Але ўжо вясной 2018 года стала вядома, што ў былога і цяперашняга прэзідэнтаў Кыргызстана ўзніклі сур'ёзныя рознагалоссі.

Адразу некалькі людзей з каманды Атамбаева знаходзяцца пад следствам па крымінальных справах.

У маі Жээнбекаў падпісаў закон, які дазваляе пазбаўляць экс-прэзідэнтаў недатыкальнасці. Згодна з дакументам, былы кіраўнік дзяржавы можа быць у асобных выпадках прыцягнуты да крымінальнай адказнасці пасля сканчэння паўнамоцтваў альбо ў выпадку адхілення ад улады.

Абвінавачванні супраць Атамбаева вылучыла спецыяльная дэпутацкая камісія (як гэта і прадугледжвае новы закон).

Па версіі парламентарыяў, Атамбаеў датычны да карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека, незаконнай трансфармацыі земляў, вызваленні з турмы па фальшывых медыцынскіх даведках крымінальнага аўтарытэта, узурпацыі ўлады і іншых незаконных дзеянняў.

Генпракуратура падтрымала частку абвінавачванняў, але не знайшла пацверджання, што Атамбаеў меў дачыненне да ўзурпацыі ўлады і рэпрэсій супраць журналістаў і палітычных апанентаў.

Пасяджэнне парламента, падчас якога вырашалася пытанне аб зняцці з Атамбаева недатыкальнасці, прайшло без экс-прэзідэнта. Ён заявіў, што ўсе абвінавачванні з'яўляюцца «абсурднымі і неабгрунтаванымі» і выкліканыя «толькі імкненнем дзеючага прэзідэнта ліквідаваць палітычнага апанента».

Каля дома Атамбаева ў сяле Кой-Таш сабралася некалькі сотняў яго прыхільнікаў. Яны выставілі бетонныя блокі на дарозе, якая вядзе да дома былога прэзідэнта. Атамбаеў заявіў, што ў яго ёсць зброя, і ён «прывык абараняць сябе сам». Дарадчыца пазней удакладніла, што гаворка ішла пра ўзнагародную зброю.

Атамбаеў - першы прэзідэнт Кыргызстана, які добраахвотна развітаўся з уладай пасля першага тэрміну. Яго папярэднікі - Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў - былі зрынутыя ў выніку рэвалюцый. Акрамя Атамбаева добраахвотна сыходзіла з пасады толькі Роза Атунбаева - яна была прэзідэнтам пераходнага перыяду ў 2010-2011 гадах.

Пасля рэвалюцый 2005 i 2010 гадоў прыхільнікі былых прэзідэнтаў апыналіся на лаве падсудных. Гэта было вытлумачальна, паколькі Акаеў і Бакіеў спрабавалі здушыць акцыі пратэсту сілай. Перадача ўлады ад Атамбаева да цяперашняга прэзідэнта краіны прайшла мірна, але былы кіраўнік дзяржавы і яго прыхільнікі не змаглі пазбегнуць абвінавачванняў ў злоўжыванні паўнамоцтвамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0