Сёння ў Беларусі захавалася каля 300 яўрэйскіх могілак. Дакладней, не зусім правільна казаць, што яны захаваліся, бо збольшага гэтыя месцы закінутыя, зарослыя, часам толькі па інтэрнэт-картах і можна знайсці да іх дарогу. Напрыклад, могілкі ў Целяханах Брэсцкай вобласці. На іх звярнуў увагу чытач «Нашай Нівы» Павел Кахнюк.

Яўрэйскія могілкі ў Целяханах. Фота Паўла Кахнюка. 

Яўрэйскія могілкі ў Целяханах. Фота Паўла Кахнюка. 

«Я крыху падарожнічаю па Беларусі. Перш за ўсё мяне цікавяць старыя могілкі, пахаванні. Дык вось у Целяханах, што ў Івацэвіцкім раёне, мяне вельмі здзівіў стан менавіта яўрэйскіх могілак, — напісаў у «Нашу Ніву» Кахнюк.

— Каб знайсці на месцы гэтыя могілкі, трэба папрацаваць. Пахаванне закінутае, зарасло травой і кустамі, надмагільныя пліты разбітыя і раскіданыя. Могілкі засмечаныя пластыкавымі бутэлькамі, слядамі вогнішча. Калі параўнаць іх з дагледжанымі каталіцкімі, нямецкімі, агульнымі могілкамі, мяне як турыста ўразіў такі занядбаны стан яўрэйскіх могілак. Незразумела, чаму мясцовыя ўлады не даглядаюць гэтае месца», — абураецца Павел. 

Старшыня сельвыканкама: «Хочаце, каб быў парадак, прыедзьце і прыбярыце»

Павел Кахнюк накіраваў гэтае пытанне ў Целяханскі сельвыканкам. 

Старшыня Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзямянчык патлумачыў, што ўчастак, на якім месцяцца могілкі, не пазначаны як могілкі, і не стаіць на балансе ні ў сельвыканкаме, ні ў гарадской ЖКГ. З гэтай прычыны ніхто іх не чысціць і не парадкуе.

Пры гэтым Трафім Трафімавіч патлумачыў, што кожны год за парадкам на могілках сочаць школьнікі мясцовай школы, якія рэгулярна прыбіраюць там бытавое смецце.

«У 2016 годзе Целяханы наведала яўрэйская грамада з Пінска. Мы прапанавалі ім фінансава паўдзельнічаць ў працах па добраўпарадкаванні могілкаў, аднак яны адмовіліся, і ўжо некалькі гадоў ніхто ні з удзельнікаў супольнасці, ні са сваякоў пахаваных там ніякага ўдзелу ў доглядзе за могілкамі не бярэ», — адказвае Трафім Дзямянчык.

«На мой запыт мне адказалі, што, калі я неабыякавы грамадзянін, то магу прыехаць і дапамагчы навесці там парадак», — кажа Павел Кахнюк.

«Могілкі абараніць можна» 

Магілёў, бадай, адзіны горад у Беларусі, дзе намаганнямі актывістаў старажытнай частцы яўрэйскіх могілак нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта «Нашай Ніве» распавяла актывістка магілёўскай яўрэйскай грамады Іда Шэндэровіч. 

Іда Шэндэровіч.

Іда Шэндэровіч.

«Наданне старажытнай частцы магілёўскіх яўрэйскіх могілкак статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці заняло ў нас амаль год. Разам з супрацоўнiкамi музеяў горада i Таварыствам аховы помнiкаў гiсторыi і культуры мы падрыхтавалі дакументы для нашага гарвыканкама, у якіх абгрунтавалі культурнае і гістарычнае значэнне могілак», — расказвае Іда Шэндэровіч. 

У Беларусі асаблiвая складанасць з наданнем статуса гістарычнай каштоўнасці могілкам палягае ў тым, каб даказаць, што гэтыя тэрыторыі з'яўляюцца могілкамі. 

«Часта яўрэйскія могілкі лічацца чым хочаце: тэрыторыяй горада, лесам, полем, але толькі не могілкамі. І цяжкасць пачынаецца з таго, каб надаць гэтай тэрыторыі статус могілак. Тут павінен быць зроблены адвод зямлі і іншыя адміністратыўныя працэдуры», — кажа Іда Шэндэровіч. 

Валанцёры працуюць на яўрэйскіх могілках у Магілёве.

Валанцёры працуюць на яўрэйскіх могілках у Магілёве.

«Гэта другія могілкі ў Магілёўскай вобласці са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Наданне такога статусу першым ініцыявала магілёўская пракуратура», — дадае спадарыня Іда.

Іда Шэндэровіч тлумачыць, што, хаця догляд могілак патрабуе і часу, і сіл, і грошай, але ўсё вырашальна, калі на месцы ёсць зацікаўленыя ў гэтым людзі. Да таго ж, яўрэйскія могілкі могуць стаць паўнавартасным турыстычным аб'ектам. 

«Галоўнае ўсё ж — жаданне», — падсумавала спадарыня Іда. 

Рэдактар партала «Шалом»: Беларусь — краіна са знішчанай памяццю

Аляксандр Фурс — краязнаўца, галоўны рэдактар партала «Шалом», выказаў «Нашай Ніве» сваё меркаванне адносна таго, чаму яўрэйскія могілкі ў Беларусі аказаліся ў занядбаным стане.

Аляксандр Фурс. 

Аляксандр Фурс. 

«Нельга сказаць, што ўсе яўрэйскія могілкі на Беларусі закінутыя. У сельскай мясцовасці, сапраўды, многія могілкі маюць даволі кепскі стан. Яны будуць зарослыя дрэвамі, хмызам, часта знаку няма там. А тыя могілкі, што ў межах гарадоў і мястэчак, могуць быць адносна дагледжаныя. Будзе выкошвацца трава, маецца агароджа. Прыкладам могуць быць Ракаў або Чачэрск», — кажа Фурс. 

Яўрэйская грамада на Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, Халакосту і халоднага стаўлення ў савецкі перыяд амаль знікла. Тыя, хто ў вайну выжыў, ужо з 70-х гадоў пачалі з’язджаць у Ізраіль. У многіх мястэчках і гарадах, у тых самых Целяханах, даглядаць могілкі фізічна не засталося каму — там больш не жыве ніводзін нашчадак пахаваных.

«А беларуская дзяржава не ўспрымае яўрэйскую спадчыну, часткай якой з’яўляюцца і яўрэйскія пахаванні, як сваю. У грамадстве няма ўсведамлення таго, што яўрэйская спадчына на Беларусі — гэта частка самой Беларусі, якой нельга адракацца», — перажывае Аляксандр Фурс. 

«На жаль, Беларусь — гэта краіна са знішчанай памяццю, — дадае Аляксандр Фурс. — Кепскі стан пахаванняў тычыцца не толькі выключна яўрэйскіх могілак, але агулам усіх. Людзі не памятаюць сваіх уласных каранёў і зрэдку калі могуць назваць хаця б пяць пакаленняў сваіх продкаў. Не кажучы пра тое, каб ведаць, дзе яны пахаваныя. Няма культуры пераказвання ведаў пра сваю сям’ю наступным пакаленням». 

Аляксандр Фурс расказвае, што, на жаль, выпрацаванага і цэнтралізаванага падыходу, як ратаваць яўрэйскія могілкі, няма нават у саміх яўрэйскіх арганізацыях. 

«Ёсць шэраг праектаў добраўпарадкавання могілак, але яны ахопліваюць толькі некалькі гарадоў. Напрыклад, Габрэйскі студэнцкі культурны цэнтр «Гілель», які сёлета займаецца яўрэскімі могілкамі ў Лідзе, ёсць Beshenkovichi Shtetl Memorial Restoration — валанцёрская супольнасць, якая займаецца могілкамі ў Бешанковічах. Але ініцыятарам выступіла дзяўчына з Пецярбургу, Ганна Клімовіч.

Ёсць выдатная ініцыятыва яўрэйскай грамады Магілёва па ўзнаўленні яўрэйскіх могілак. Гэта адзіны пакуль на Беларусі прыклад таго, як яўрэйскім пахаванням можна надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і распаўсюдзіць на іх хаця б нейкае юрыдычнае поле.

Ёсць маскоўскі цэнтр «Сэфэр» — адна з нешматлікіх устаноў, якая прафесійна займаецца вывучэннем яўрэйскіх пахаванняў. Ёсць пэўны нагляд за могілкамі ў тых месцах, дзе ёсць неабыякавае насельніцтва. Але, на жаль, гэтых намаганняў не хапае каб ахапіць нават чвэрць яўрэйскіх могілак Беларусі», — наракае Аляксандр Фурс.

Што ж ён рэкамендуе рабіць?

«Выкошвайце траву, выкарчоўвайце хмызняк і гэтак далей. Калі мясцовыя улады будуць спрыяць — можна дамовіцца, каб яны таксама бралі ўдзел у працах. Наладжвайце кантакт з яўрэйскімі арганізацыямі, яны могуць дапамагчы, — кажа Фурс. — Але, паўтаруся, у Беларусі няма вызначанай грамадскай або яўрэйскай установы, якая б займалася доглядам яўрэйскіх пахаванняў». 

Пакуль могілкі не стаяць ні на чыім балансе, ні ў кога няма і фінансаў для іх догляду і няма з каго пытацца пра іх стан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?