На сустрэчы старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алега Трусава со старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім 27 студзеня дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы на айчынным тэлебачанні. Пра гэта паведаміў БелаПАН А.Трусаў.

Паводле яго слоў, на сустрэчы, якая адбылася з ініцыятывы старшыні ТБМ, былі разгледжаны сем прапаноў кіраўніцтву НДТРК.

Як зазначыў А.Трусаў, бакі прышлі да згоды па пяці пунктах:
заснаваць 10—15‑хвілінную перадачу «Гаворым па‑беларуску»;

стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку, прычым першы цыкл прысвяціць 600‑годдзю перамогі беларусаў у складзе войскаў Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве;

сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ зрабіць перадачу, прысвечаную 10‑м угодкам Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага паводле рашэння ЮНЕСКА;

раз у месяц ладзіць на тэлебачанні тэматычныя круглыя сталы па пытаннях беларускай мовы і культуры з удзелам грамадскіх арганізацый, у тым ліку ТБМ, Таварыства беларускай школы і Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»;

аднавіць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову з далейшым паказам на айчынных тэлеканалах.

Разам з тым, паводле слоў старшыні ТБМ, дзве прапановы аб’яднання (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання ў перспектыве цалкам зрабіць беларускамоўным, а беларускамоўную рэкламу даваць па крыху меншым кошце, чым рускамоўную), на думку А.Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду.

Размова адбывалася на дзяржаўнай беларускай мове, зазначыў А.Трусаў. «Спадар Зімоўскі паабяцаў аформіць па‑беларуску частку сувеніраў тэлерадыёкампаніі», — паведаміў старшыня ТБМ.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0