27 чэрвеня канцлер ФРГ Ангела Меркель прысутнічала на цырымоніі прызначэння новага міністра юстыцыі Крысцін Ламбрэхт. Падчас прамовы прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера журналісты звярнулі ўвагу на тое, што Ангела Меркель дрыжыць, піша ВВС.

Гэта адбылося з Меркель другі раз за два тыдні. У час сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 18 чэрвеня канцлер таксама прыкметна дрыжала.

Журналісты гадаюць, што ж адбываецца. У мінулы раз Меркель патлумачыла дрыжыкі тым, што ёй вельмі хацелася піць і было горача. На гэты раз кіраўніцтва спраў канцлера пракаментавала здарэнне скупа.

Меркель адчувае сябе выдатна, будзе ўдзельнічаць у саміце «Вялікай дваццаткі» ў Осацы 28—29 чэрвеня і саміце Еўрасаюза 30 чэрвеня, заявілі там.

Журналісты спрабуюць знайсці тлумачэнне. Вось некалькі асноўных версій нямецкіх СМІ.

Псіхалагічныя прычыны?

Крыніцы газет Stuttgarter Zeitung і Stuttgarter Nachrichten ва ўрадзе кажуць, што прычына другога прыступу дрыжыкаў была псіхалагічнай.

Іх цытуе сайт газеты Sueddeutsche Zeitung. «Успамін пра мінулы інцыдэнт прывёў да новага. Гэта псіхалагічны працэс», — гаворыцца ў артыкуле.

Яго аўтар адзначае, што ў высокапастаўленых нямецкіх палітыкаў няма асабістых лекараў. «Добра, што кіраўнік апарата канцылярыі Хэльга Браўн па адукацыі анестэзіёлаг і лекар рэанімацыі», — піша газета.

Стрэс на працы?

«Калі Меркель дрыжыць — злятаюцца сцярвятнікі», — такі загаловак мае артыкул аднаго з пяці выдаўцоў правацэнтрысцкай Frankfurter Allgemeine Zeitung, Бертольда Колера.

«За 14 гадоў ва ўладзе Меркель паказала стойкасць — і фізічную, і псіхалагічную. Ці можна дапусціць, што цяжкая нагрузка, якія заўсёды асацыяваліся з яе пасадай, пачынае адбівацца на здароўі?» — пытаецца журналіст.

Колер лічыць, што, каментароў у духу «канцлер у парадку» ўжо недастаткова, улічваючы важнасць пасады Меркель.

Аднак, дадае ён, Меркель яўна адчувала сябе ў форме — яна без праблем здзейсніла доўгі пералёт у Осаку на саміт «на звычайным урадавым самалёце, а не на медыцынскім «Аэробусе» Бундэсвера, як магло б здацца ў святле такога мноства аддаленых дыягназаў».

Журналіст Франц Ёзэф Вагнер лічыць, што Ангела Меркель «стала ўразлівай».

«Канфлікт у тым, што канцлер не можа дрыжаць. Калі дрыжыць канцлер — дрыжыць дзяржава. У канцлера павінна быць жалезнае здароўе. Яна ўстае да світання і вядзе перамовы да позняй ночы. Амаль не спіць. Наша канцлер зроблена з нерваў, вен і мускул. Яна складаецца з сэрца і душы», — піша Вагнер ў таблоідзе Bild.

Ён рэкамендуе Меркель «проста заставацца ў ложку».

Гаворачы аб магчымых прычынах стану канцлера, Bild назваў недахоп вадкасці, гіпаглікемію і гіпаглікемічны шок.

«Ці вытрымае яна?» — пытаецца аўтар нататкі.

Меркель рыхтуецца сысці?

«Дрыжыкі Ангелы Меркель падымаюць пытанні аб стане яе здароўя. І аб раннім развітанні», — гаворыцца ў артыкуле на сайце газеты Tagesspiegel.

Аўтар намякае, што нешта падобнае можа адбыцца з чалавекам, у графіку якога фактычна няма перапынкаў. «Але гэта другі раз за восем дзён», — адзначае аўтар.

«Ці не стаіць за гэтым нешта больш сур'ёзнае? Ці павінны мы, як выказаў здагадку адзін важны палітык з Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, думаць аб яе раннім сыходзе?» — пытаецца аўтар артыкула.

Сур'ёзная хвароба?

У артыкуле на сайце ліберальнага штотыднёвіка Focus, які абмеркаваў сімптомы Меркель з лекарам яшчэ пасля першага інцыдэнту, эксперт кажа, што не выключае сур'ёзнай хваробы.

Пасля прыступу дрыжыкаў, што адбыўся з Меркель 18 чэрвеня, кіраўнік асацыяцыі сямейных лекараў Германіі Якаб Бергер казаў, што не бачыць падстаў для хвалявання. Цяпер жа ён лічыць, што, «улічваючы паўтарэнне сімптомаў, медыцынскае тлумачэнне трэба знайсці тэрмінова».

Лекар, зрэшты, выключыў, што ў Меркель можа быць хвароба Паркінсана.

«Такі чалавек, як Ангела Меркель, які ўвесь час павінен працаваць і бегаць з мерапрыемства на мерапрыемства, цалкам можа хаваць гэтыя сімптомы, але яе лекары павінны вывудзіць з яе інфармацыю», — кажа ён.

Меркель заявіла пра адсутнасць праблем са здароўем

Меркель стала кепска падчас сустрэчы з Зяленскім, яе натуральна трэсла ВІДЭА

Ангеле Меркель зноў стала дрэнна на сустрэчы на найвышэйшым узроўні ВІДЭА

Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0