Малады крэдытны агент Вольга* распавяла «Intex‑press», як жыхары Баранавічаў трапляюць на яе вуду: атрымліваюць грошы, аддаючы, як правіла, удвая больш.

Працоўнае месца Вольгі — невялікі столік у некалькіх салонах і крамах горада. Выконваючы дзейсны ў яе банку прынцып ратацыі, кожны дзень яна праводзіць на новым месцы. Нязменнай застаецца толькі яе задача — зацікавіць як мага большую колькасць наведвальнікаў узяць крэдыт.

Умовы, на якіх яе банк (як і ўсё камерцыйныя, што прыйшлі ў асноўным з Украіны і Расіі) выдае крэдыты, не так простыя, як можа здацца на першы погляд. Для пачатку налічваецца вядомы і зразумелы большасці адсотак гадавой стаўкі — да прыкладу 12% ад рэшткавай сумы. Калі кліент банка бярэ крэдыт на 1 млн рублёў на 1 год, то кожны месяц ён будзе плаціць 1% ад рэшткавай сумы і ў выніку пераплаціць 68 тысяч рублёў.

Але сабака закапаны ў тым, што банкі, якія маюць «аддаленыя працоўныя месцы» непасрэдна ў крамах, акрамя адсотка гадавой стаўкі налічаюць пры выдачы крэдыту яшчэ і сваю камісію — прычым кожны месяц ад першапачатковай (а не ад рэшткавай!) кошты тавару.

«Людзі бачаць, што ў нас крэдыт пад 12‑15% гадавых, і думаюць: як добра! Але яны не звяртаюць увагі на камісію, да прыкладу, у 3%! Кожны месяц нашаму кліенту будзе налічацца 3% ад першапачатковага кошту крэдыту — а гэта нашмат больш агульнай сумы гадавых! Увогуле, калі чалавек узяў у нас у крэдыт 1 млн рублёў, то толькі па камісіі пераплаціць 360 тысяч, а ўсяго аддасць 1 млн 428 тысяч, — раскрывае сутнасць крэдытаў свайго банка Вольга. — Не так даўно быў выпадак, калі жанчына ўзяла на мэблю крэдыт у 3 млн на 3 гады, а потым змушаная была аддаць 7,8 млн».

Вольга сапраўды прызнаецца: для яе кліентаў нашмат выгодней было бы пайсці па крэдыты ў вядомыя ўсім беларускія банкі.

«Але ж я грошы выдаю адразу на месцы», — з усмешкай адзначае дзяўчына.

Закід вуды

Як распавядае прайшоўшая адмысловае навучанне Вольга, да наведвальніка, які разглядвае вітрыну крамы, яна заўсёды імкнецца падысці раней прадаўца‑кансультанта.

«Як я сябе паводжу? Спачатку вітаюся, затым пытаю «Цікавіцеся мабільным тэлефончыкам або фотаапаратам?»
На пытанне з «або» чалавек ужо не можа адказаць аднаскладова «так‑не», і так завязваецца гутарка, — тлумачыць Вольга. — Я тлумачу функцыі цікавай для наведвальніка прылады, а потым, калі высвятляецца, што ў яго з сабой грошай няма, мімаходзь адзначаю, што куплю можна зрабіць проста зараз, аформіўшы цягам 20 хвілін крэдыт».

Калі Вольга працуе з кліентам, прадавец‑кансультант у іх гутарку не ўмешваецца: краме толькі ў плюс, калі прыйшоўшы без грошай наведвальнік усё жа зробіць у іх куплю. Сваю працу Вольга выконвае хутка: правярае ў кліента пашпарт, афармляе заяўку і адпраўляе яе па Інтэрнэце на праверку. Калі дакументы прыходзяць назад — падпісвае з наведвальнікам дамову. Кліент атрымлівае свой тавар у той самы дзень, калі афармляе заяўку.

«Я усё зразумеў, давайце афармляйце хутчэй»

«Я не ведаю, чаму людзі згаджаюцца на нашы крэдыты, — шчыра дзівіцца Вольга, якая, па яе словах, у сваім банку грошай ніколі б не ўзяла. — Можа, думаюць, што інфляцыя ўсё кампенсуе? Можа, таму, што «прыпякло»? Але, вядома, ёсць і такія, якія нічога не разумеюць».

Крэдытны агент падкрэслівае, што «працуе са ўсімі», у тым ліку і гасцямі горада з Ляхавічаў, Ганцавічаў, Гарадзішча і г.д.. Згодна з яе словамі, менавіта яны часцей за ўсё затарваюцца ў баранавіцкіх салонах мабільных тэлефонаў і лічбавых фотаапаратаў, хоць заходзяць туды яшчэ без мэты зрабіць набытак. «Яны прыязджаюць у наш досыць буйны горад, ідуць на пляц і што тамака бачаць? Салоны і крамы!

У мяне такое ўражанне, што прыезджыя жанчыны наогул нічога не цямяць. Пачуюць аб 12‑15% гадавых і думаюць: ах!

Мая сяброўка крэдыт аформіла і задаволеная, так трэба і мне грошай узяць, — напышліва кажа Вольга. — Некаторыя нават па 3‑4 разу прыязджаюць і афармляюць крэдыты: спачатку сабе ў вёску мабільны купяць, а потым яшчэ і дзецям».

Але прасцей за ўсё крэдытнаму агенту працаваць з мужчынамі за 40 гадоў.

«Яны лічаць, што ўсё ведаюць. Толькі пачынаеш ім распавядаць пра ўмовы крэдыту, як чуеш: «Я усё зразумеў, у вас у банках усё аднолькава, давайце афармляйце хутчэй», — успамінае Вольга.

Нярэдка выдадзены ў краме крэдыт абарочваецца потым скандалам. «Праз некалькі дзён прыходзяць жанчыны і пачынаюць гарлапаніць: «Я ж не ведала, што мне гэтулькі прыйдзецца пераплачваць!» Як вы не ведалі, калі мы гэта заўсёды так гаворым?! Бо калі праверка з Нацыянальнага банка і выявіць парушэнні, то нам не паздаровіцца», — у сваю чаргу абураецца Вольга. Праўда, потым удакладняе: «Раней мы казалі, колькі чалавек пераплаціць па камісіі за адзін месяц. Але па новых правілах неабходна казаць суму пераплаты за ўвесь тэрмін крэдыту».

Успамінаючы непрыемныя сітуацыі з крэдытаатрымальнікамі, Вольга не можа ўтрымацца, каб не перайсці на падвышаныя тоны:

«Яны жа калі падпісваюць дамову, нічога не чытаюць! Не глядзяць ні на ўмовы выдачы крэдыту, ні на час выплаты, ні на суму пераплаты — ім усё роўна!

З‑за гэтага і ўзнікаюць усе праблемы. Крычы потым, не крычы — трэба было раней думаць галавой».

Скасаваць дамову аб крэдыце можна толькі, калі ў краме тавар будзе прызнаны няспраўным. У адваротным выпадку чалавек зможа пазбегнуць пераплаты, калі толькі возьме пазыку ў сяброў і паспрабуе выплаціць крэдыт як мага хутчэй.

Калі справа даходзіць да нармальнага чалавечага пытання «Людзей не шкада?», Вольга, здаецца, шчыра адказвае: «Шкада. Пры выдачы кожнага крэдыту я спадзяюся на тое, што кліент выплаціць яго хоць бы за палову тэрміна. Сваіх жа сяброў і знаёмых ад крэдытаў у банках, падобных нашаму, спрабую адгаварыць».

*Паводле этычных меркаванняў імя камерцыйнага агента змененае.

Віктар Дубень, Intex-Press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0