21 ліпеня ва Украіне адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары. Пасля таго, як прэзідэнтам краіны стаў шоўмен Уладзімір Зяленскі, ва ўкраінскую палітыку павальна пайшлі і іншыя зоркі шоў-бізнэсу. Артысты бралі ўдзел і ў мінулых украінскіх палітычных кампаніях, але ў гэтую парламенцкую кампанію іх колькасць і канцэнтрацыя проста зашкальваюць. «Наша Ніва» разбіралася, хто з украінскіх зорак ідзе ў палітыку, і ў чым прычыны гэтага феномена.

Святаслаў Вакарчук

Найбольш рэйтынгавым і папулярным артыстам-палітыкам на парламенцкіх выбарах можна назваць фронтмена ўкраінскага гурта «Океан Ельзи» Святаслава Вакарчука, які пойдзе на выбары са сваёй новастворанай партыяй «Голас». Украінскія сацыялагічныя інстытуты паведамляюць, што рэйтынг гэтай партыі зараз складае каля 7-8%, таму яна дастаткова ўпэўнена зможа пераадолець 5%-ы бар’ер.

Хаця Святаслава Вакарчука і ўспрымаюць у першую чаргу як музыканта, ён мае разнастайны жыццёвы досвед і палітычную падрыхтоўку. Бацька Святаслава — Іван Вакарчук — фізік, былы рэктар Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта і экс-міністр адукацыі Украіны. Пасля школы Святаслаў пайшоў па слядах бацькі і паступіў на фізічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта. У 1996 годзе паступіў у аспірантуру, але праз пастаянную занятасць у шоў-бізнэсе абараніў кандыдацкую дысертацыю толькі ў 2009 годзе. У 2015 годзе Вакарчук стаў стыпендыятам праграмы Ельскага ўніверсітэта.

Цалкам новым чалавекам у палітыцы яго назваць нельга. Вакарчук заўсёды актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю наконт асноўных пытанняў развіцця Украіны. У 1999 годзе ён выступіў за Леаніда Кучму, у 2004 годзе актыўна падтрымліваў Аранжавую рэвалюцыю і апазіцыйнага на той момант лідара Віктара Юшчанку, у 2013-2014 годзе выступаў на Майдане. У 2019 годзе на прэзідэнцкіх выбарах Вакарчук нікога публічна не падтрымаў, але заклікаў украінцаў галасаваць «не па прыколе», што было масава ўспрынята як крытыка Зяленскага.

Быў Вакарчук і дэпутатам Рады ў 2007-2008 гадах, але тады расчараваўся і больш не хацеў працаваць у старой палітычнай сістэме, таму датэрмінова напісаў заяву пра адстаўку.

Цяперашняя палітычная сіла Вакарчука — «Голас» — нацыянальна-дэмакратычная правацэнтрычная праеўрапейская партыя. Пакуль што яе рэйтынг расце. «Голас» мае найлепшыя шанцы сабраць галасы выбаршчыкаў у Заходняй Украіне і сярод маладых выбаршчыкаў вялікіх гарадоў Цэнтральнай Украіны. Такім чынам Вакарчук можа перахапіць электарат, які раней галасаваў за «Блок Пятра Парашэнкі» і партыю «Салідарнасць» мэра Львова Андрэй Садавога.

Хаця Вакарчук і заклікаў украінцаў на прэзідэнцкіх выбарах галасаваць «не па прыколе» (што было ўспрынята як крытыка Зяленскага), сам Вакарчук падчас сваёй перадвыбарчай праграмы паўтарае некаторыя стратэгіі Зяленскага, фактычна ператвараючы свае сустрэчы з выбаршчыкамі ў канцэрты.

Сяргей Прытула

Пра сваю падтрымку партыі «Голас» заявіў украінскі шоўмен Сяргей Прытула. Прытула цікавы тым, што займаецца амаль тым жа самым, чым займаўся раней і Уладзімір Зяленскі — ён і комік, і акцёр, і тэлевядучы, і тэлепрадзюсар. Прытула — вядучы нацыянальнага ўкраінскага адбору на Еўрабачанне, а таксама некалькіх забаўляльных шоу на буйных украінскіх тэлеканалах.

Прытула папрасіў Вакарчука паставіць яго на трыццатае месца ў спісе, хоць той прапаноўваў уключыць яго ў першую дзясятку.

Такім чынам, Прытула зможа трапіць пад 30-м нумарам у парламент, калі партыя Вакарчука набярэ на выбарах больш за 13%.

Міхаіл Паплаўскі

Міхаіл Паплаўскі — мала вядомы ў Беларусі персанаж, але ва Украіне няма ніводнага чалавека, хто б не ведаў Паплаўскага. Сфера яго дзейнасці самая разнастайная: ён і спявак, і бізнэсмен, і тэлевядучы, і рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Творчасць Паплаўскага мае неадназначныя ацэнкі сярод украінцаў, у выніку чаго ён стаў героем шматлікіх жартаў і пародый. На канцэртах Паплаўскага ў падтанцоўцы можна заўважыць вялікую колькасць напаўаголеных маладых дзяўчат, частка якіх з’яўляецца студэнткамі яго ўніверсітэта.

Пра сябе Паплаўскі кажа: «Я не спявак, а рэктар, які часам спявае».

Паплаўскі вельмі актыўны ў інтэрнэце, дзе ён распаўсюджвае пра сябе іміджавыя ролікі і артыкулы, у якіх яго апісваюць як інаватара, спецыяліста міжнароднага ўзроўню ў сферы адукацыі і паспяховага бізнэсмена. Такая зухаватасць і самаўпэўненасць толькі дадаюць пазнавальнасці Паплаўскаму.

Ён ужо тройчы быў дэпутатам Вярхоўнай Рады, але так асабліва нічым на пасадзе не адзначыўся. Зараз Паплаўскі з’яўляецца лідарам выбарчага спіса Аграрнай партыі.

Паплаўскі заявіў, што завесці Аграрную партыю ў парламент — гэта яго «гістарычная місія на зямлі». Шоўмен заявіў, што ў новай Радзе ён бачыць сябе спікерам.

Алег Віннік

Падтрымаў Аграрную партыю і іншы ўкраінскі спявак, нават больш папулярны зараз, чым Паплаўскі, — Алег Віннік.

Паплаўскі і Віннік.

Паплаўскі і Віннік.

Фенаменальную папулярнасці Вінніка ва Украіне можна параўнаць хіба што з папулярнасцю Стаса Міхайлава ў Расіі. Толькі Віннік, у адрозненне ад Міхайлава, былы оперны спявак, і мае значна лепшыя вакальныя здольнасці. Але галоўная аўдыторыя гэтых артыстаў аднолькавая — адзінокія жанчыны бальзакаўскага ўзросту. Са сваімі лірычнымі песнямі Віннік збірае стадыёны, таму цалкам рэальна, што яго падтрымка маргінальнай Аграрнай партыі можа дадаць ім некалькі працэнтаў галасоў.

Кварталаўцы

Ва ўладу з «Квартала» прыйшоў не толькі Уладзімір Зяленскі, але і яго партнёры па студыі. Сяргей Шэфір стаў першым памочнікам прэзідэнта, Іван Баканаў стаў намеснікам кіраўніка СБУ, Сяргей Трафімаў і Юрый Касцюк сталі намеснікамі кіраўніка офіса прэзідэнта. Пасля парламенцкіх выбараў прысутнасць «кварталаўцаў» ва ўкраінскай палітыцы пашырыцца, бо ад партыі «Слуга народа» балатуюцца акцёр Юрый «Юзік» Караўчанкаў і папулярны ўкраінскі комік Сяргей Сівоха. Таксама ад «Слугі народа» ідуць і іншыя селебрыці: чарнаскуры баксёр Жан Белянюк, тэлевядучы і рэстаратар Мікалай Цішчанка, папулярны мастак і рэжысёр Геа Лерос.

Настасся Прыходзька

Украінская спявачка Настасся Прыходзька ідзе на выбары ад партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнка. Прыходзька будзе балатавацца на мажарытарнай акрузе.

Хаця Прыходзька ў 2009 годзе і прадстаўляла Расію на конкурсе Еўрабачанне, пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны яна заняла выразна патрыятычную пазіцыю. Яна падтрымлівае дзеянні ўкраінскай арміі на Усходзе, а таксама крытычна ставіцца да цяперашняй Расіі.

«Яна тлустая, вялікая, але тупая, а жывуць у ёй казлы, якія ідуць за сваім пастухом. Ім падабаецца быць прыніжанымі. Гэта не дзяржава, а біямаса, незразумелы суб'ект, які з глузду з’ехаў», — заявіла Прыходзька пра Расію.

Воля Палякова

Заявіла пра стварэнне сваёй палітычнай партыі і поп-спявачка Воля Палякова. Але на парламенцкія выбары яна не пойдзе, ды і саму ініцыятыву нельга ўспрымаць усур’ёз. Артыстка вядомая сваёй эпатажнай, іранічнай і саркастычнай манерай высмейвання сучасных рэалій украінскага грамадства, шоў-бізнэсу, а цяпер і палітыкі. У форме кічу яна паказвае ўсю ступень іх абсурднасці і дэградацыі.

Палякова заявіла, што яе партыя будзе жаночай.

«Цяпер пачынаецца гонка ў парламент, і мне вельмі надакучыла галасаваць за нейкага дзядзьку з плаката, пра якога я нічога не ведаю… Я афіцыйна заяўляю: я пачынаю стварэнне партыі, якая будзе адпавядаць гэтаму закліку. І гэта будзе першая жаночая партыя Украіны», — сказала спявачка.

На думку Паляковай, «сёння краіне, як ніколі, патрэбен жаночы погляд, жаночы розум і жаночы падыход».

З назвай партыі Палякова пакуль што не вызначылася:

«Нам трэба вызначыцца з назвай нашай партыі. Ёсць такія цікавыя назвы як «Партія Оля ПоляковА» — гэта значыць ПОПА, можна дадаць «прыгожая ПОПА» Волі Паляковай. Але калі туды засунуць слова «жаночая», то выйдзе слова «ЖОПА»».

Палякова была адной з нешматлікіх артыстак, хто падтрымаў на прэзідэнцкіх выбарах Зяленскага публічна.

Старая гвардыя

Таксама часам заяўляюць пра свае палітычныя амбіцыі і ўкраінскія артысты, чый зорны час быў у 1990-2000-ыя, з мэтай проста нагадаць пра сваё існаванне. Напрыклад Іва Бобул (які абяцаў пайсці і на прэзідэнцкія выбары) і Віктар Паўлік. Вядома, што Бобул дакладна будзе балатавацца, а вось ці аформіў дакументы на выбары Паўлік — невядома.

Але чаму яны ўсе туды ідуць?

Эксперт цэнтра структурнай паліталогіі «Выбар» Лілія Брудніцкая называе 3 прычыны, чаму ўкраінскія зоркі пайшлі ў палітыку.

Па-першае, электарат стаміўся ад капання ў рацыянальным. Людзям хочацца эмоцый, пажадана пазітыўных, бо за апошнія пяць гадоў краіна атрымала жахлівыя дозы негатыва.

Па-другое, ва ўкраінскай палітыцы заўсёды паважалі людзей мастацтва. З прычыны асаблівасцей менталітэту і дзяржаватворчай ідэалогіі, пытанні гуманітарныя ўсё яшчэ дамінуюць над пытаннямі эканамічнымі.

Па-трэцяе, украінскі рынак шоў-бізу не такі грашовы, як хацелася б. Калі зорка дарастае да пэўнага ўзроўню і перарастае гэты рынак, ёй рухацца або ў Расію, але тады Украіна (і, хутчэй за ўсё, Еўропа) закрытыя, ці ў Еўропу. У ЕС украінскія акцёры і музыканты прадстаўлены добра, маюць сваю публіку, але для выхаду на гэты рынак патрабуюцца немалыя сродкі. Не ва ўсіх яны ёсць. А дзелавыя інтарэсы нікуды не знікаюць і, калі разглядаць палітыку як яшчэ адзін узровень самарэалізацыі, то зоркі шоў-бізу цалкам арганічна імкнуцца асвоіць новую нішу.

Дацэнт Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэта Паўло Сацкі, каментуючы масавае прышэсце артыстаў ва ўкраінскую палітыку, кажа, што на цяперашнім этапе шоў-бізнэс стаў самастойнай галіной эканомікі, раней ён быў залежны ад значных уліванняў з іншых сфер. З'явіліся прадстаўнікі гэтай сферы, цалкам незалежныя фінансава і адміністрацыйна, здольныя праводзіць уласную палітыку. Акрамя таго, за апошнія гады ў буйнога ўкраінскага капіталу зменшыліся стымулы мець сваіх людзей у Радзе (заканадаўчай уладзе), калі ўсе неабходныя пытанні можна прасцей вырашыць праз уладу судовую і выканаўчую. Адпаведна, гэта значна зменшыла канкурэнцыю ў палітычным працэсе, што адкрывае магчымасці перад новымі людзьмі, у тым ліку прадстаўнікамі шоў-бізнэсу.

Акрамя таго, інфармацыйная вайна ва Украіне значна падвысіла каштоўнасць такога рэсурсу як культурная ідэнтыфікацыя. Гэта дало эфект «касмапалітычнага» Зяленскага і «заходняга» Вакарчука.

Нягледзячы на тое, што ва ўкраінскім грамадстве ёсць попыт на папулізм, неразуменне грамадзянамі, што асноўнае для дэпутата — гэта заканатворчасць, а не песні і танцы, доктар палітычных навук з Усходнееўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі Аксана Яраш не бачыць вялікай бяды ў тым, што артысты ідуць у палітыку.

«Па-першае, ва Украіне права абірацца ў парламент маюць усе, дасягнуўшы 21 года, калі асоба з'яўляецца грамадзянінам і мае выбарчае права, пражывае ва Украіне на працягу апошніх пяці гадоў і не мае непагашанай судзімасці.

А па-другое, мастакі ў сваёй творчай дзейнасці пастаянна сутыкаюцца з прававымі перашкодамі: праблемай з абаронай аўтарскіх правоў, арэндай канцэртных пляцовак, кінавытворчасцю, аплатай працы і іншым. Таму гэтыя бар'еры ў рэалізацыі прымушаюць іх уплываць на змяненне законаў, а гэта лягчэй зрабіць, калі стаць дэпутатам.

І трэцяе… Украіна становіцца краінай, дзе кожны чалавек, незалежна ад прафесіі, мае рэальны шанец абірацца і быць абраным. Гэта — станоўча, безумоўна, хоць хацелася б бачыць больш адказнасці ў кандыдатаў. І не толькі хацець, але і быць у стане належным чынам выконваць дэпутацкія абавязкі. І ад выбаршчыкаў таксама трэба патрабаваць адказнасці за свой голас», — сказала спадарыня Яраш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?