Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») за 10 гадоў свайго існавання стала яркім сімвалам братняй дружбы народаў Беларусі, Расіі і Украіны. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на свяце ў Александрыі, перадае яго прэс-служба.

«Многія з вас памятаюць, якім быў першы форум «Александрыя збірае сяброў» у 2010 годзе. Маленькі і сціплы, зусім як гэтая зямля. Але ўжо тады незвычайны ў сваёй самабытнасці. І, як паказаў час, перспектыўны. Фестываль хутка перарос статус рэгіянальнага», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«Абсалютна перакананы: такая незвычайная цікавасць тлумачыцца тым, што на гэтай гасціннай зямлі асабліва праяўляецца феномен сілы прыцягнення малой радзімы і ўсходнеславянскага сваяцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тры нацыі пераплецены гістарычнымі, роднаснымі, духоўнымі каранямі, як тры магутныя дубы на беразе паўнаводнага і шчодрага Дняпра. Вытокі гэтай вялікай ракі пачынаюцца там, у Расіі, затым яна нясе свае воды па Беларусі і завяршае шлях у брацкай Украіне. Нібы крывяноснай сістэмай звязвае нас моцным вузамі добрасуседства, даверу і адкрытасці. Гэта дадзенае нам звыш адзінства здолелі захаваць народы».

Лукашэнка адзначыў, што, калі прыязджае ў Александрыю, сваю малую радзіму, ён мае адмысловыя пачуцці. «Пачуццё надзвычайнага хвалявання. Калі ты дасягаеш пэўных вышынь, прабачце за нясціпласць, становішся вядомым чалавекам, тады прыязджаць дадому, дзе ты нарадзіўся і вырас, і сустракацца сам-насам з людзьмі, якія ведаюць цябе лепш, чым хто-небудзь у свеце, заўсёды не проста хвалююча — гэта страшна хвалююча «, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для многіх маладых людзей, якія нарадзіліся ў вялікіх гарадах, напрыклад у Мінску, паняцце малой радзімы не напоўнена такім сэнсам, як для людзей, якія выраслі ў малых населеных пунктах. «Вось хай мая малая радзіма будзе вашай малой радзімай», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы і запрасіў усіх прыязджаць на свята ў Александрыю.

«Гэта самабытнае свята дапамагае нам… захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, традыцыі, культуру, а значыць — і сваю родную зямлю», — падкрэсліў ён.

«Мы разам ствараем нашу Беларусь для жыцця, — сказаў Лукашэнка. — І нядзіўна, што многія турысты адзначаюць не толькі прыгажосць і чысціню Беларусі, але нават знаходзяць тут нешта сваё. Тое, што нагадвае ім дарагія сэрцу родныя мясціны».

Раней людзі верылі, што, адсвяткаваўшы разам чароўную купальскую ноч, яны пазбавяцца ад розных бед і сустрэнуць раніцу абноўленымі, у міры і згодзе, а таму, хто знойдзе «папараць-кветку», адкрыюцца ўсе скарбы зямлі. «Мы ж тут з чыстым сэрцам прапануем кожнаму госцю свае самыя каштоўныя скарбы — культурныя, духоўныя, рамесныя і кулінарныя. І дапаўняем іх знакамітай беларускай гасціннасцю, якой нідзе ў свеце не знойдзеш. Я гэта кажу не таму, што я тут і гэта мая малая радзіма. Я наведаў усе куткі свету за гэтыя гады, і няма больш гасціннага народа, як беларусы. Гэта наш брэнд, наша асаблівасць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы: нашы сустрэчы павінны працягвацца!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?