У Будславе завяршыўся фэст Маці Божай Будслаўскай, унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, піша catholic.by.
Галоўную літургічную цэлебрацыю ў другі дзень урачыстасцяў, 6 ліпеня, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які сёлета адзначае 30-годдзе біскупскага служэння.
На пачатку юбіляра прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які заклікаў усіх удзельнікаў ахінуць сваёй малітвай арцыбіскупа.
Арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу на абароне сям’і перад абліччам крызісу, як Богам устаноўленага саюзу мужчыны і жанчыны, адкрытага для прыняцця і выхавання патомства.
«Палова сем’яў у Беларусі разведзена, што негатыўна ўплывае на грамадскі клімат нашай краіны і выхаванне маладога пакалення, якое застаецца без належнай і поўнай бацькоўскай апекі.
Здараецца, што сям’я замест таго, каб быць крыніцай радасці і надзеі для сужонкаў і дзяцей, становіцца «пеклам»», — адзначыў кіраўнік беларускага епіскапату.
Тадэвуш Кандрусевіч з горыччу канстатаваў, што з года на год у нашай краіне пагаршаецца дэмаграфічная сітуацыя.
Ён звярнуў увагу на яшчэ адну з’яву, што ў апошні час пачынае набіраць абароты ў беларускім грамадстве.
«Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынай (пар. Быц 1, 27), і гэтым усё сказана. Можна змяніць знешні воблік чалавека, але не яго створаную Богам фізіялогію»,— на падставе аўтарытэту Святога Пісання сцвердзіў іерарх.
«Скрыты вірус» недалёкага савецкага мінулага актывізуецца «вірусам» лібералізму і маральнага рэлятывізму, што вядзе да заняпаду традыцыйных для нашага грамадства хрысціянскіх каштоўнасцяў.
«Чалавецтва без сям’і не мае будучыні і надзеі, — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Бараніць сям’ю і маральны парадак грамадства — гэта абавязак усіх людзей, рэлігійных арганізацый і дзяржавы».
«Нягледзячы на праблемы беларускай сям’і, варта адзначыць, што ў нашай краіне ёсць шмат прыкладаў сем’яў, якія будуюць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. <…>
Сужонкі ў такіх сем’ях ведаюць, чаму і каму прысвяцілі сваё жыццё: каб служыць і быць вернымі адно аднаму, перадаваць Божы дар жыцця і бараніць яго, выхоўваць патомства на хрысціянскіх традыцыях. Гонар і хвала ім!» — усклікнуў арцыпастыр.
Беручы пад увагу ўсю сур’ёзнасць сітуацыі, у якой знаходзіцца сучасная беларуская сям’я, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату заклікаў вернікаў сваім штодзённым жыццём пацвярджаць веру ў Евангелле і вучэнне Касцёла.
Арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію кароткай малітвай:
«Сёння звяртаемся да Цябе, Апякунка Беларусі і Каралева сем’яў, Божая Маці Будслаўская. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста новы цуд адраджэння беларускай сям’і як крыніцы радасці і надзеі для нашай Бацькаўшчыны, і асабліва для моладзі».
На заканчэнне ўрачыстасці да вернікаў звярнуўся прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр.
«З радасцю і ўдзячнасцю Богу я знаходжуся сёння тут разам з вамі, любыя браты і сёстры, у гэтым дарагім марыйным санктуарыі ў Будславе, багатым гісторыяй і верай, куды мы як сыны і дочкі прыходзім сустрэцца з нашай Маці і з нашымі братамі.
Санктуарыі — святыя месцы Касцёла як палявога шпіталя — захоўваюць памяць вернага народа, які і ў нягодах не стамляецца шукаць крыніцаў жывой вады, у якіх можна аднавіць надзею. Гэта месцы святаў і ўрачыстасцяў, слёзаў і маленняў, калі мы прыходзім да ног Маці без шматлікіх словаў, а толькі дазваляючы Ёй глядзець на нас, каб Яна сваім позіркам прывяла нас да Таго, хто ёсць «Дарогай, Праўдай і Жыццём» (Ян 14, 6)», — сказаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.
У Будславе зноў прысутнічалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, дыпламаты, вялікая колькасць духавенства.
У працэсіі з пашанаю неслі копію цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама фігуру нябеснага заступніка Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла.