Літоўскія дыпламаты не разумеюць, чаму Беларусь дагэтуль афіцыйна не паінфармавала пра будоўлю АЭС. Літоўскія грамадзяне ў шоку ад ідэі ахаладжэння рэактараў вадою з Вяллі.

Вестка пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі выклікала шум не толькі ў беларускім грамадстве, але і сярод літоўцаў. На гэта ёсць падставы: астравецкая пляцоўка размяшчаецца ўсяго за 20 км ад мяжы і за 50 км ад Вільні. А рэактар пабудуюць на рацэ Вяллі, якая працякае праз галоўныя гарады – сталіцу, Коўна і Клайпеду.

Нягледзячы на тое, што віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка ўжо пацвердзіў выбар астравецкай пляцоўкі для АЭС, Літва дагэтуль не атрымала афіцыйнай заявы пра праект будаўніцтва і працягвае яе чакаць.
У адрозненне ад беларускага ўраду, літоўскае кіраўніцтва, будучы не цалкам упэўненым у будаўніцтве двух рэактараў ля Ігналінскай электрастанцыі, ужо разаслала сваім суседзям інфармацыю з мэтай атрымаць ацэнкі і каментары.
Пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас пасля сустрэчы з прэзідэнтам Валдасам Адамкусам пацвердзіў, што афіцыйнай інфармацыі пра будаўніцтва АЭС няма: «Мы валодаем інфармацыяй са СМІ пра тое, што прынятае рашэнне будаваць атамную электрастанцыю ў Беларусі, аднак у гэтай краіне рашэнні пра будаўніцтва прымаюцца тады, калі прэзідэнт падпісвае дэкрэт. На дадзены момант такога дэкрэту няма».

Тое ж сцвярджае прадстаўнік Міністэрства навакольнага асяроддзя Віталіюс Аўгліс: «Афіцыйнай інфармацыі мы не маем, аднак Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі ўлетку інфармавала міністра пра вядзенне навуковых даследаванняў магчымай пляцоўкі для будоўлі электрастанцыі». Прэм’ер-міністр Адрус Кубілюс, як вядома, засумняваўся ў праўдападобнасці планаў Беларусі, Польшчы, Эстоніі і Расіі будаваць атамныя станцыі недалёка ад Літвы, назваўшы іх «блефам».

Тым часам шараговыя грамадзяне незадаволеныя тактыкай адмоўчвання ўраду ў час, калі вырашаецца пытанне пра з’яўленне АЭС фактычна ля самай Вільні:

— «А чаго маўчыць наш урад? Грыбаўскайтэ (еўракамісар па фінансах – С.М.) сядзіць у Бруселі і нічога не бачыць? Насамрэч гэта міжнародны скандал, наўпрост датычны Еўрасаюзу. Дык чаму такая сімуляцыя, такая цішыня?»

— «Мы ім рок-фестываль «be2gether» ля мяжы, а яны нам атамную станцыю таксама на мяжы»

— «Улада замест павышэння падаткаў мусіць найхутчэй дзейнічаць. Павінна ўмяшацца НАТО, а нам трэба прыпыніць усялякае супрацоўніцтва з беларусамі. Будзе вельмі цікава паглядзець, як адрэагуе літоўская дзяржава, — мусіць, ніяк».

Літоўцы трапятліва ставяцца да беларускай атамнай задумы не толькі з меркаванняў экалагічнай бяспекі, але і праз асаблівае стаўленне да астравецкіх земляў, якія лічацца сэрцам старажытнай Літвы. Сёння на гэтай тэрыторыі месціцца гервяцкі край — адна з самых буйных выспаў пражывання этнічных літоўцаў за межамі Літоўскай Рэспублікі.

Жыхары Гервятаў з трывогай ставяцца да будоўлі АЭС, бо гэта выклікае страх за дзяцей і здароўе. Пры гэтым і ў іх узнікае лагічнае пытанне, чаму ў Літве ніхто не супярэчыць таму, што беларусы збіраюцца скарыстоўваць ваду Вяллі для ахалоджвання атамных рэактараў.

Беларусы, у сваю чаргу, прад’яўляюць літоўцам прэтэнзіі праз аналагічны праект: будаўніцтва двух новых рэактараў узамен старых ля Ігналінскай АЭС, на возеры Дрысвяты. Але ж стары рэактар быў запушчаны ў 1984 г., яшчэ пры савецкіх уладах, а новы праект, калі ажыццявіцца, то будзе выконвацца еўрапейскімі спецыялістамі з улікам патрабаванняў бяспекі Еўрасаюзу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?