Вялікая страта для беларусаў, калі донары ЕГУ сапраўды навязваюць ператварэнне універсітэту ў аналаг Цэнтральнаеўрапейскага універсітэту, а не працуюць на стварэнне ўмоваў для вяртання ўстановы ў Беларусь.

Многае ў любым разе залежыць ад самога калектыву. Якая галоўная мэта праекту? «Якаснае існаванне» ці паслядоўнае станаўленне незалежнага беларускага універсітэту — нават у муках, у вузейшым коле, пры «няякасным існаванні»? Што выбера ЕГУ?

У сухім астатку рыторыкі пра «рэгіянальны універсітэт» — старая як свет ідэя, каб беларусы «працавалі на дэмакратызацыю Расіі».
Чым абяртаюцца такія задумы, бліскуча апісаў у сваёй гісторыі беларускіх марыянаў а.Аляксандр Надсан — якому, дарэчы, нядаўна быў нададзены тытул доктар honoris causa ЕГУ.

Не на Усходнюю Еўропу ў выніку стане разлічаны той расійскамоўны універ. Бо Усходняя Еўропа паступова становіцца Цэнтральнай і не прымае расійскую мову як лінгва франка — а ЕГУ дагэтуль працуе пераважна па-расійску. На Расію перадусім будзе разлічаны. Так, еўрапеізацыя Расіі — сапраўды вялікі выклік для нас, еўрапейцаў. Толькі

для грамадзянскае супольнасці і нацыянальнае ідэнтычнасці беларусаў на сёння найважнейшай задачай ёсць існаванне універу, арыентаванага на саму Беларусь.

Калі пераўтварэнне адбудзецца, беларусам трэ будзе працаваць на ўтварэнне Беларускага Свабоднага універсітэту. Тады Нацыянальны універсітэт паўстане ўнутры краіны, а не за яе межамі. На аснове «вечаровых універсітэтаў», знізу, або воляй аўтакрата, зверху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?