Увесь тыдзень у Барысаве непагадзь: сонца змяняецца дажджом, дождж часам градам і часта навальніцай. У пачатку ліпеня барысаўчане спаўна адчулі на сабе злосць прыроды. Падчас навальніцы згарэлі многія электрапрыборы ў жыхароў вуліцы 10 гадоў БССР, піша Ex-press.by.

У доме Ігара згарэлі два тэлевізары, два тэлефоны, дзве прыстаўкі ад ZALA і кацёл для награвання вады.

— Было такое адчуванне, быццам усё маланкі б'юць менавіта ў мой двор і нікуды больш, — дзеліцца ўладальнік прыватнага дома. — Я зайшоў у прыбіральню і бачыў, як праз вентыляцыю мільгае маланка. Кацёл заіскрыўся, і тут стала сапраўды страшна. Былі думкі пра тое, што абы не здарыўся пажар. У выніку ўсё абышлося, але пацярпела тэхніка.

Матрыца тэлевізара папросту расплавілася і «паплыла».

Цяпер усё, што пацярпела падчас навальніцы, складзена на адным стале.

Пасля навальніцы Ігар звярнуўся ў страхавую службу, аднак там пагадзіліся аплаціць толькі частковы рамонт катла.

Зараз Ігар ужо памяняў абедзве тэлепрыстаўкі, паказаў тэлемайстру абодва тэлевізары. І чакае заканчэння рамонту катла.

— Тэлемайстра сказаў, што ў адным з тэлевізараў быў такі скачок напружання, што паплыла матрыца, ён зламаны цалкам. Другі яшчэ паспрабуюць адрамантаваць. Рамонт катла ўжо пацягнуў на 400 рублёў, згарэлыя тэлефоны — дробязі ў параўнанні з гэтым, — кажа барысаўчанін.

Прыстаўкі Ігару «Белтэлекам» памяняў бясплатна.

У другой палове дома, дзе жывуць сваякі Ігара, расплавілася скрынка блока засцерагальнікаў. Цяпер там чакаюць электрыкаў для яе замены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?