Днём 14 ліпеня ў Брэсце прайшлі традыцыйныя кармленне галубоў і шэсце па горадзе ў знак пратэсту супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, паведамляе «Брестская газета».
Фота: Брестская газета.
Удзел у маўклівай акцыі пратэсту ўзялі, па розных ацэнках, ад 150 да 200 чалавек. Сярод тэмаў, якія абмяркоўваліся — экалагічная экспертыза праекта завода, трэцяя па ліку, якая павінна завяршыцца на наступным тыдні. Людзі ў каторы раз заявілі, што, незалежна ад заключэння экспертызы, яны будуць працягваць выходзіць на плошчу, пісаць звароты і несці кругласутачную варту каля завода, з фота- і відэафіксацыяй да таго часу, пакуль прадпрыемства не будзе закрыта.
Нагадаем, 14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.