Супрацоўнікі маскоўскай паліцыі ў нядзелю ўвечары пачалі затрымліваць людзей на акцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў у дэпутаты Маскоўскай гарадской думы. Да гэтага яны паведамлялі прысутным ля будынка маскоўскага выбаркама, што сход не санкцыянаваны і яны павінны разысціся, піша РБК.
Апазіцыянер Ілля Яшын у сваім Twitter паведаміў, што знаходзіцца ў аўтазаку. «Тут чалавек дваццаць, у тым ліку кандыдаты ў дэпутаты Любоў Собаль, Іван Жданаў і Юлія Галяміна», — напісаў ён.
Дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Жданаў у сваім Twitter выклаў відэа з аўтазака, дзе бачныя затрыманыя.
Заклікі разысціся і затрыманні пачаліся пасля таго, як каля будынка маскоўскага выбаркама ўдзельнікі акцыі ўсталявалі палатку.
Больш за 25 чалавек былі затрыманыя.