Піша Кацярына Сцяпанава.

А вы ведаеце, як пахне Беларусь? Не, я кажу не пра пах чабору і купальскага вогнішча, не пра пах хвойнага лесу і свежаспечанага хлеба, не пра шыпшыну і кветкі з Багдановічавага «Вянка». Гэта занадта проста для таго, каб апісаць паветра, якім напоўнена мая краіна.

Мая Беларусь пахне таннай гарэлкай і цвіллю ў непрапаленай печы, цыгарэтамі «Пушча» і каўбасой, скрадзенай з мясцовага мясакамбіната. Беларусь пахне сапраўдным жыццём.

А вы ведаеце, як выглядае Беларусь? Не, я кажу не пра кляновы лісток на мапе і бландзінку ў нацыянальным уборы, не пра люстраныя азёры і ўсмешлівыя твары з кірпатымі насамі, не пра карціны Язэпа Драздовіча і вянок з канюшыны. Ніводзін з гэтых вобразаў не зможа адлюстраваць рэаліі жыцця ў маёй краіне.

Мая Беларусь выглядае, як старая інтэлігентка ў дыяментах на тэатральнай прэм’еры, як мурзатае шчаслівае вясковае дзяўчо, як салдат, які тайна адпраўляе смс дадому. Налюбавацца на яе не магу!

А вы ведаеце, як гучыць Беларусь? Не, я кажу не пра спевы салаўя і «Жалейку» Купалы, не пра народныя песні і звон ручаёў, не пра сакатанне конікаў у начным полі і Ірыну Дарафееву. Усе гэта занадта ціха для таго, каб мая краіна прыслухалася.

Мая Беларусь гучыць размовай пра заробкі і брыдкімі анекдотамі, пустымі абяцаннямі на Кастрычніцкай плошчы і галасамі тэлевядучых нацыянальнага тэлебачання, яна гучыць сіпатым голасам і бязграматнай трасянкай. Слухаў бы ды слухаў…

А вы ведаеце смак Беларусі? Не, я кажу не пра спелыя ажыны і бабуліны дранікі, не пра самагонку і самы танны кефір, не пра квас і святочную куццю. Гэта нішто ў параўнанні з маёй краінай.

Мая Беларусь мае смак пірагоў з капустай, якія маці гатуе для Паўла Севярынца, папяровай каўбасы ды бульбы, скрадзенай з калгаснага поля. Каму смачна, каму — не вельмі, але ямо.

А вы ведаеце, па чым плача Беларусь? Не, я кажу не пра Хатынь і дэмаграфічныя праблемы, не пра кожнага чацвёртага і забытых Богам дзяцей, не пра чарнобыльскі жах і не пра Курапаты.

Мая Беларусь плача па смерці Быкава і па тых, хто не бачыць праўды, па горкіх працэнтах на выбарах і перапісаных падручніках гісторыі, па паламаных лёсах і па тых, хто марыць з’ехаць назаўсёды.
Можа, гэта з‑за слёз у нашай сінявокай такі пагляд?

А вы ведаеце моц Беларусі? Не, я кажу не пра казачных волатаў і асілкаў, не пра бойкі хлопцаў на вясковых завулках і не пра п’янкі там жа, не пра тысячы міліцыянтаў на вуліцах і не пра тое, як адзін з іх ударыў жонку Завадскага. Гэта ўсе прайграе маёй краіне.

Мая Беларусь моцная жанчынамі, якія адны выхоўваюць дзяцей, і песняй «Магутны Божа», людзьмі, якія выжываюць без заробкаў, і тымі, хто спадзяецца на лепшае, хлапцамі, што едуць рабіць у Маскву, і сапраўднымі патрыётамі.

А вы ведаеце, што такое Беларусь? Беларусь ваша, яго, яе, мая, наша. Гэта краіна, дзе, закусваючы папяровай каўбасой, усё роўна згадваюць народныя песні і казкі пра асілкаў. У нашай Беларусі, напоўненай пахам таннай гарэлкі, памятаюць тую гісторыю, што засталася на старонках спісаных падручнікаў, якія ўжо нікога нічому не навучаць. У маёй Беларусі пераключаюць канал з песняй Дарафеевай на навіны дзеля таго, каб даведацца, ці не здарылася чаго ў Маскве, дзе працуе сын. У нашай Беларусі жывуць самыя прыгожыя жанчыны і самыя дужыя мужчыны.

Усё так, як казаў Караткевіч. У нашай Беларусі жывём мы.

* * *

Кацярына Сцяпанава — студэнтка першага курса ЕГУ. Гэтае яе эсэ перамагло на конкурсе твораў «Што для мяне ёсць Беларусь», праведзеным сайтам moladz.org у рамках кампаніі «Будзьма».

budzma.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0