Трое дзевяцікласнікаў шпацыравалі ўвечары па горадзе. Каля прадуктовага магазіна яны заўважылі кашалёк, які ляжаў на зямлі. Пра сваю знаходку хлопцы паведамілі ў міліцыю.
Унутры партаманэта знаходзілася 800 даляраў, 290 рублёў, банкаўская карта і пасведчанне кіроўцы.
Праваахоўнікі знайшлі ўладальніка. Ім аказаўся кіроўца грузавіка з Баранавіч. Калі яму патэлефанавалі, мужчына быў ужо ў Давыд-Гарадку. Ён нават не падазраваў, што згубіў кашалёк.
Мужчына вярнуўся ў Столін, дзе навучэнцы перадалі яму кашалёк. Той у сваю чаргу падзякаваў хлопцам не толькі словамі, але і грашыма.