У Гомельскім раёне п'яны матацыкліст перавозіў сваіх дзяцей 2 і 10 гадоў, паведамляе міліцыя.
Апоўдні 16 ліпеня на аўтадарозе Даўгалессе-Васілева дзяржаўтаінспэктары заўважылі матацыкліста, які вёз дваіх маленькіх дзяцей. Пры гэтым моташлемаў не было ні ў кіроўцы, ні ў дзяцей.
Убачыўшы супрацоўнікаў ДАІ, мужчына рэзка звярнуў направа на прасёлкавую дарогу і паспрабаваў уцячы. Аднак праехаўшы пару метраў, матацыкл упаў на пясок. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Як высветлілася, матацыкліст быў не толькі пазбаўлены пасведчання кіроўцы, але і быў п'яны.
На бацьку склалі пяць адміністрацыйных матэрыялаў, дзяцей перадалі бабулі.