У 40‑гадовага жыхара Берасця канфіскаваны шабля і кавалерыйская шашка, якія ён меў намер правезці цераз беларуска‑польскую мяжу.

Як паведаміў БелаПАН сакратар прэс‑групы Брэсцкай мытні Сяргей Малеў, позняй ноччу 27 студзеня непрацуючы жыхар абласнога цэнтра на асабістым аўтамабілі «Мерседэс Віта» накіроўваўся з Польшчы і перасякаў мяжу цераз пункт мытнага афармлення «Варшаўскі мост» па «зялёным» канале. Пасля выезду з яго аўтамабіль быў спынены і накіраваны ў бокс для надгляду.

У выніку супрацоўнікі Брэсцкай мытні знайшлі прымацаваныя да днішча аўтамабіля поліэтыленавыя пакеты. У іх былі ўпакаваны парадная шабля ў ножнах Квантунскай арміі 20‑х гадоў ХХ стагоддзя і кавалерыйская шашка ў ножнах, вырабленая ў СССР у 1941 годзе. Паводле слоў жыхара Берасця, ён набыў іх для сябе ў Польшчы і такім чынам схаваў ад польскіх мытнікаў, не палічыўшы неабходным дэклараваць беларускаму мытнаму органу.

Паводле папярэдніх звестак, шабля і шашка ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. У найбліжэйшыя дні канфіскаванае будзе накіравана ў дзяржаўны крыміналістычны цэнтр МУС для экспертызы, якая таксама ўстановіць, ці з’яўляюцца гэтыя прадметы халоднай зброяй.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0