Відэажурналістка сайту «НН» гутарыць з насельнікамі псіханеўралагічнага інтэрнату.

Ці лічыце вы сябе «нармальным» чалавекам? І калі так, то хто тады — «ненармальныя»? Беларускае грамадства адказвае на гэтае пытанне ў савецкай традыцыі, не проста падзяляючы сябе на «нармальных» і «ненармальных», але строга ізалюючы адных ад другіх. Між тым, вызначыць крытэры «нармальнасці» і «ненармальнасці» не так проста, як здаецца.

Сярод амаль 2-мільённага насельніцтва сталіцы ёсць каля 600 чалавек, якія знаходзяцца на сталым стацыянарным назіранні ў псіханеўралагічным інтэрнаце №2. Інакш кажучы, яны там жывуць. Тут утрымліваюцца людзі, старэйшыя за 18 год. У большасці выпадкаў іх здаюць у інтэрнат родныя ці пераводзяць з аналагічных дзіцячых установаў. У інтэрнаце яны застаюцца да канца жыцця.

Пэўны час таму відэажурналістка сайту «НН» Таццяна Гаўрыльчык разам з сяброўкай Рымай Ушкевіч выпадкова трапіла ў валанцёрскі лагер на Мінскім моры. Маладыя хлопцы ды дзяўчаты, якія ў ім удзельнічаюць, у свой вольны час добраахвотна дапамагаюць ладзіць адпачынак для людзей з інтэрнату, шпацыруюць, гуляюцца з імі, размаўляюць. Ці было цяжка ўпершыню наладжваць кантакт з такімі людзьмі? «Там было не тое каб цяжкавата, а проста дзіўна, — адказвае Таццяна. — Трэба было гуляцца з дарослымі людзьмі, якія ў два разы старэйшыя за цябе. Нескладана, проста дзіўна».

Але калі Таццяна разам з сяброўкай прыйшла ў аддзяленне інтэрату, дзе яна часцяком бывае як валанцёрка, для таго, каб зняць курсавы праект (Таццяна вывучае аператарскае майстэрства ў Акадэміі мастацтваў), да яе паставіліся цалкам спакойна: з некаторымі насельнікамі яна ўжо паспела пасябрабаваць.

Што за людзей мы бачым у відэанарысе? Наколькі яны адрозніваюцца ад нас, тых, каго прынята называць «нармальнымі»? «Розніца паміж намі і імі вельмі мінімальная. Псіхічна яны амаль усе адэкватныя, — кажа Таццяна. — Але праз тое, што яны фізічна не вельмі здаровыя, гэта накладае адбітак на іх светаўспрыманне».

Таццяна не лічыць нармальным тое, як нашае грамадства ставіцца да гэтых людзей.

«Па-першае, для грамадства гэтых людзей проста не існуе. Яны ізаляваныя. Калі з імі і сустракаешся, то толькі выпадкова. Няма гэтай праблемы для грамадзтва. Бо для яго гэтых людзей проста няма».

Таццяна далёкая ад думкі, што ўсе людзі з інтэрнату павінны жыць без нагляду. Аднак у Беларусі ў падобных установах разам з тымі, хто сапраўды абсалютна неадэкватна ўспрымае рэчаіснасць, утрымліваюцца людзі, якія хоць і маюць некаторыя асаблівасці, але ў цэлым мала адрозніваюцца ад нас з вамі. «Было б разумным неяк падзяліць іх», — мяркуе Таццяна. — Канечне гэта ненармальнася сітуацыя. Людзі насамрэчы псіхічна адэкватныя і знаходзяцца ў такім месцы… Сама сістэма абсалютна няправільная».

Таццяна кажа, што ў многіх заходніх краінах імкнуцца рабіць такія ўстановы больш адкрытымі, ствараць ўмовы, каб такія людзі маглі неяк рэалізоўваць сябе. «У Югаславіі, наколькі я ведаю, расфармавалі гэтую закрытую сістэму. Там многія з такіх людзей змагаюцца за свае правы, жывуць у звычайных кватэрах. Іх кантакты не абмяжоўваюць, а проста дапамагаюць ім адаптавацца да існавання ў грамадстве».

Натуральна, было б наіўным ва ўсім спадзявацца выключна на дзяржаву. Заходняя сістэма апекавання такімі людзьмі ў значнай ступені абапіраецца на валанцёраў, людзей, якія дапамагаюць не за грошы, а ад добрага сэрца. Ці шмат знойдзецца сярод нас такіх, хто згодны ахвяраваць уласным вольным часам для таго, каб прыехаць у такі інтэрнат, паразмаўляць, пазабавіць гэтых самотных людзей? Прынамсі, ніхто не забараняе рабіць гэта ўжо цяпер, нават пры такой неідэальнай сістэме. Што праўда, заахвочваць такі дабраахвотны чын дапамогі дзяржава сапраўды магла б больш актыўна.

Магчыма, тым з нас, хто з дапамогай відэанарысу ўпершыню зазірне ў гэты паралельны свет, ён дапаможа па-іншаму зірнуць на сваё ўласнае жыццё. А нехта пойдзе далей і паспрабуе, як Таццяна і яе сябры, нешта зрабіць для гэтых людзей.

Пачынаючы глядзець відэанарыс, рыхтуешся да нечага гнятлівага: відаць, падсвядома баішся сутыкнуцца з светам, якога мы ў штодзённым жыцці імкнемся не заўважаць. Але відэа дзіўным чынам пакідае адчуванне прасвятлення. Праглядзеўшы яго, разумееш: усе мы — людзі.

Пабачыць відэанарыс можна тут:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?