Сведкі Іеговы запоўнілі амаль палову трыбун. Дрэс-коду на кангрэсе няма, але многія адзеты па-святочнаму: мужчыны пры касцюмах і гальштуках, жанчыны ў вечаровых сукенках і на абцасах. Перад уваходам дзяўчынка мяняе чорныя красоўкі на басаножкі. Як тут кажуць, «пінжак і гальштук надзяваюць нават тыя, хто цярпець не можа касцюмы — каб паказаць павагу да Бога».

На кангрэс прыехалі людзі з розных гарадоў — Магілёва, Віцебска, Драгічына, Слоніма, Клецка, Бабруйска. Каб сабрацца ў пятніцу на стадыёне, бралі адпачынак за свой кошт. Многія прыехалі з дзецьмі.

Пад паркоўку арандаваны аўтавакзал «Усходні», які за паўтара кіламетра адсюль. З некаторых гарадоў арганізавалі падвоз маршруткамі. Тыя, хто не паспеў засяліцца ў гатэль ці да сваякоў, пакідаюць чамаданы на стадыёне — «камеру захоўвання» арганізавалі непадалёк ад уваходу. Здаеш багаж — атрымліваеш паперку з напісаным ад рукі нумарам.

Пад парасонамі, якія абаранялі спачатку ад дажджу, а потым ад яркага сонца, паслядоўнікі вучэння спяваюць рэлігійныя песні і слухаюць даклады пра тое, што не трэба гнацца за матэрыяльным дабрабытам і вульгарна апранацца. Моладзь сядзіць у тэлефонах — але не таму, што перапісваецца ў сацыяльных сетках: на гаджэтах адкрыта мабільная праграма Сведкаў Іеговы з біблейскім тэкстам.

Юрый Галай — старшыня суполкі ў Оршы. Расказвае, што яны ходзяць па кватэрах і прапаведуюць вучэнне, бо «так заклікае Біблія».

«Калі я стаю з суседам па гаражы і ёсць магчымасць пагутарыць пра Бога, я павінен гэта зрабіць», — гаворыць Юрый. Ён не лічыць паводзіны Сведак Іеговы навязлівымі, але згадвае, што былі выпадкі, калі на прапаведнікаў выклікалі міліцыю ці збівалі.

На кангрэсе, дарэчы, міліцыі не шмат.

«Да нас насцярожана ставіліся толькі ў 2011 годзе, пасля тэракту ў метро, — кажа Юрый. — Зараз усё спакойна праходзіць».

У Беларусі налічваецца 6 тысяч паслядоўнікаў гэтага вучэння. Сярод іх ёсць і прыезджыя з іншых краін — кітайцы, нігерыйскія студэнты.

«У Беларусі мала Сведкаў Іеговы. Калі ў іншых еўрапейскіх краінах іх суадносіны да насельніцтва 1 да 200, то тут — 1 да 1600», — кажа Антон Чыўчалаў, які сам чатыры гады таму прыехаў у Беларусь з Расіі, каб прапаведаваць.

Мужчына жыў раней у расійскай правінцыі — у Кіраўскай вобласці, потым у Мардовіі. Да вучэння прымкнуў, калі яму было 17 — знайшоў у бабулі адпаведную літаратуру, якую той пакінуў хтосьці з прапаведнікаў. Пасля гэтага ў яго цалкам змянілася блізкае акружэнне. «Раней у мяне было мала сяброў», — успамінае мужчына.

Сведкі Іеговы не адзначаюць многія святы — Новы год, дзень народзінаў. «Гэта нясціпла», — заўважае Антон і кажа, што свой апошні дзень народзінаў ён святкаваў, калі яму было 13.

Па яго словах, у Расіі, дзе Сведкі Іеговы лічацца сектай, паслядоўнікам вучэння не дазваляюць працаваць у дзяржаўных установах. У Беларусі такіх праблем няма. «Сведкі» працуюць і дактарамі, і выкладчыкамі ва ўніверсітэтах. Але яны не ідуць на работу ў міліцыю і іншыя ваенізаваныя структуры — вера не дазваляе. Як і не дазваляе ім служыць у арміі. Хлопцы запісваюцца на альтэрнатыўную службу і едуць санітарамі ў дамы састарэлых, рознарабочымі ў калгасы і прыбіральшчыкамі ў інтэрнаты.

Сведкі Іеговы вераць у канец свету і чарговае прышэсце Хрыста. Раней чакалася, што гэта наступіць у 1975 годзе. Цяпер канкрэтную дату не называюць. «Але, па ўсіх прыкметах, мы дажываем апошнія дні. Бо ідуць вялікія войны, падае мараль у грамадстве».

Дзеці паслядоўнікаў вучэння ўступаюць у шэрагі «сведкаў» у розным узросце — хтосьці ў 7 гадоў, хтосьці ў 15. Антон Чыўчалаў кажа, што падлеткаў, якія не хочуць прымаць веру бацькі з дому не выганяюць. «А тое, што пішуць у інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасці».

У суботу, дарэчы, на стадыёне адбудзецца цырымонія масавага хрышчэння. Побач са сцэнай паставяць надзіманы басейн, куды будуць акунацца ўсе новыя паслядоўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?