Злата Савостава, якая наехала на актывіста Леаніда Кулакова каля рэстарана «Поедем поедим»​, ніякай адказнасьці не панесла. Усе грошы заплаціць яе маці Сьвятлана, паведамляе радыё «Свабода».

Інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня 2018 году. 29-гадовая Злата Савостава на аўтамабілі «Таёта» на вялікай хуткасьці наехала на Леаніда Кулакова і зьехала зь месца здарэньня, ня выклікаўшы ні хуткую дапамогу, ні ДАІ. Лекары 6-га шпіталя пацьвердзілі, што ў Кулакова была зламаная рука. Але судова-мэдыцынская экспэртыза пералом адмаўляе.

29-гадовая Злата Савостава, якая наехала на пратэстоўцаў у Курапатах, расказала сваю версію падзей

30 ліпеня суд Першамайскага раёну сталіцы вынес рашэньне: маці Златы Савоставай, уладальніца «Таёты» Сьвятлана Савостава павінна аплаціць Леаніду Кулакову маральную шкоду ў суме 500 рублёў, яшчэ 34 рублі за правядзеньне экспэртызы і 76 рублёў судовых выдаткаў.

На заключнае судовае паседжаньне пазваная Злата Савостава не зьявілася, яе інтарэсы ў судзе прадстаўляюць бабка Надзея і маці Сьвятлана Савостава. Маці падчас наезду была ў аўтамабілі на пасажырскім сядзеньні.

Кулакоў расказаў, што 7 тыдняў хадзіў з гіпсам, рука пастаянна балела, ад болю ён ня мог спаць, нічога рабіць. Ён жыве адзін, таму было цяжка сябе абслугоўваць. Пасьля таго, як зьнялі гіпс, рука працягвала балець, цяпер яна не згінаецца, пастаянна баліць у локцевым суставе. Ён зьбіраў грошы на экспэртызы, меў шмат выдаткаў, таму і ацэньвае свае маральныя і фізычныя пакуты ў 120 тысяч рублёў.

Леанід Кулакоў падкрэсьліў, што наезд быў не выпадковым, а наўмысным, наехалі на яго «са сьмехам». Патлумачыў, чаму не працуе з 2017 году: яго звольнілі са службы таксі, калі ён быў затрыманы за ўдзел у Дні Волі. Цяпер ня можа ўладкавацца нават вартаўніком ці грузчыкам.

Надзея Савостава мяркуе, што Кулакоў перабольшвае свае пакуты і боль і толькі вымагае грошы.

«Спачатку Кулакоў патрабаваў 60 тысяч даляраў кампэнсацыі, потым — 6 тысяч. Ён не працуе ў 56 гадоў не таму, што ня можа ўладкавацца, а таму, што ня хоча, у яго такі лад жыцьця. Можа працаваць вартаўніком з такой траўмай. Кулакова пастаянна паказваюць на «Белсаце», як зорку, як ахвяру», — кажа бабуля Златы.

Надзея Савостава ня ўтойвала эмоцый і заявіла, што мэта ў Кулакова — атрымаць інваліднасьць і спагнаць грошы зь яе ўнучкі.

«Гэта відавочна. Экспэртызы пацьвярджаюць, што не было ні наезду, ні пераломаў. Злата была шакаваная — яна бачыла такі кашмар! У яе на нэрвовай глебе дагэтуль вока торгаецца. Злата дзяўчына выхаваная і адукаваная, у яе дзьве замежныя адукацыі. А Кулакоў — афэрыст. Як можна так жыць? Яна публічна папрасіла прабачэньня ў судзе перад Кулаковым», — кажа бабуля Савоставай.

Сьвятлана Савостава заявіла, што яна не заўважыла, як аўтамабіль наехаў на Кулакова, і даведалася пра гэта ўжо каля дома, калі машыну спыніла ДАІ. Яна таксама адзначыла, што прасіла прабачэньня ў Кулакова і спрабавала дамовіцца, але безвынікова.

Ад 1 чэрвеня 2018 году актывісты нясуць варту каля месца забойства і пахаваньня дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Яны пратэстуюць супраць пабудовы і працы ў месцы рэпрэсій забаўляльнага комплексу «Паедзем паядзім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0