Намеснік міністра замежных спраў Грузіі Давід Джалаганія выказаў сваё спадзяванне на тое, што беларускае кіраўніцтва прыме ўзважанае і правільнае рашэнне адносна тэрытарыяльнага адзінства (цэласнасьці) ягонай краіны.

Заява зробленая сёньня ў Тбілісі на традыцыйнай штотыднёвай прэс‑канфэрэнцыі. Джагаланія дадаў, што рашэньне беларускага парлямэнту разгледзець пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — вынік ціску Расеі на гэту незалежную краіну.

«Калі ж Беларусь прызнае незалежнасьць Цхінвалі і Сухумі, гэта будзе лічыцца недружалюбным крокам», — падкрэсьліў намесьнік кіраўніка грузінскага МЗС. Паводле ягоных слоў, рабіць папярэднія прагнозы немагчыма, аднак пачатак абмеркаваньня не азначае, што ў Менску прызнаюць самаабвешчаныя рэспублікі, «хоць грузінскі бок з занепакоенасьцю сочыць за сытуацыяй».

Як падае грузінскі тэлеканал Rustavi2 са спасылкай на Давіда Джалаганія, чакаецца, што сёньня ў Нью‑Ёрку будзе агучаны даклад Генэральнага сакратара ААН, дзе гаворка будзе ісьці пра ўсе праблематычныя пытаньні, у тым ліку пра далейшую дзейнасьць місіі назіральнікаў ААН у Грузіі. Тбілісі спадзяецца, што краіны‑партнэры змогуць пераканаць Расею не ізаляваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію ад міжнароднага маніторынгу.

9 лютага заплянаваны разгляд пытаньня па Грузіі на паседжаньні Рады бясьпекі ААН.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0