Міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас кажа, што ўлады Вільні, якія праводзяць вучэнні па эвакуацыі жыхароў горада ў сувязі з імавернай аварыяй на БелАЭС у Астраўцы, дарма сеюць паніку, піша Delfi.

БелАЭС. Фота: Надзея Бужан.

БелАЭС. Фота: Надзея Бужан.

«Яны хутчэй, здаецца, палохаюць жыхароў горада Вільні, сеюць паніку, хоць па сутнасці няма нават тэарэтычнай падставы гэта рабіць», — сказаў Місюнас у чацвер.

Мэрыя Вільні паведаміла, што правядзе вучэнні з імітацыяй аварыі на БелАЭС і эвакуацыяй часткі жыхароў 5 верасня. Падчас вучэнняў будзе зроблена спроба ацаніць гатоўнасць групы муніцыпальных прадпрыемстваў, іншых службаў да адпаведных пагроз, будуць імітавацца і кібернетычныя атакі.

Місюнас сказаў, што Вільня не трапляе ў прадугледжаную ў планах 30-кіламетровую зону вакол станцыі, з якой у выпадку аварыі будуць эвакуявацца жыхары. Паводле яго слоў, Вільня знаходзіцца ў так званай 100-кіламетровай зоне, дзе для выратавання жыхароў прадугледжаны іншыя дзеянні.

«Не магу ніяк апраўдаць брак кампетэнтнасці (…) Ці яны план не чыталі, ці ёсць нейкія іншыя прычыны, цяжка сказаць», — адзначыў міністр.

Палітык сказаў, што запланаваныя мэрыяй вучэнні не ўзгадняліся ні з МУС, ні з паліцыяй, ні з пажарна-ратавальнай службай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0