Як паведаміла БелаПАН намеснік дырэктара Мінскага заапарку Наталля Лебедзева, экзатарыум —

гэта вялікі трапічны павільён вышынёй 14 метраў і плошчай 1,5 тыс. кв. м для прадстаўнікоў фауны Паўднёвай Амерыкі.
Яго будынак будзе ўзводзіцца паводле унікальная для Беларусі праекта, які прадугледжвае размяшчэнне ў павільёне разам з экзатычнымі раслінамі двух басейнаў, вадаспаду, акварыумаў і акватэрарыумаў.

У цэнтральнай круглай частцы павільёна дыяметрам 36 м будуць знаходзіцца дробныя малпы, папугаі і вялікая калекцыя рэптылій. У штучных вадаёмах будуць рыбы ракі Амазонкі, у дэкаратыўных скалах — кажаны. Адна з прыбудоў прызначана для драпежнікаў — ачковых мядзведзяў, пум і іншых жывёл, другая — для птушак, у асноўным водных і водна‑балотных відаў.

Будаўніцтва экзатарыума будзе доўжыцца прыблізна паўтара года. Паводле слоў Н.Лебедзевай, увядзенне экзатарыума ў эксплуатацыю дазволіць значна разгрузіць існуючыя вальеры, а таксама паказаць шырокай публіцы цеплалюбных жывёл, якія цяпер не экспануюцца з‑за адсутнасці неабходных умоў або недахопу памяшканняў.

Як паведаміла намеснік дырэктара заапарку, толькі за кастрычнік—снежань мінулага года калекцыя заапарку значна папоўнілася. З чэшскага заапарку ў горадзе Глубока‑над‑Влтавай у Мінск пераехалі

чатыры маладыя чырвоныя мартышкі, з Каўнаскага заапарку — чатыры дарослыя асобіны гамадрылаў, антылопа гну і іншыя жывёліны. З Масквы ў снежні быў прывезены чырвоны воўк, з Ленінградскага заапарку — пара 7—8‑месячных аленяў Давіда, два яноты‑паласкуны, паласатыя мангусты, група насух.

«Мы не збіраемся на гэтым спыняцца», — заявіла Н.Лебедзева. Паводле яе слоў, у найбліжэйшых планах — значна павялічыць пагалоўе жывёл Мінскага заапарку рознымі відамі малпаў. Цяпер у заапарку ўтрымліваецца больш за 1 тыс. 700 асобінаў жывёл 280 відаў.

Як нагадала Н.Лебедзева, рэканструкцыя сталічнага заапарку і будаўніцтва новых аб’ектаў пачалося ў 2000 годзе. Канцэпцыя будаўніцтва трэцяй чаргі была зацверджана 12 сакавіка 2008 года на сесіі сталічнага гарсавета. Плануецца, што да завяршэння рэканструкцыі плошча Мінскага заапарку ўзрасце з 14 да прыкладна 42 гектараў. «Цяпер будаўнічыя работы ў заапарку ідуць поўным ходам, — зазначыла Н.Лебедзева. — Мы спадзяемся, што абнаўленне вальераў і набыццё новых жывёл прыцягне да нас новых наведнікаў».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0